Малая родина

Гістарычная хроніка

Гістарычная хроніка

У Вялікім Княстве Літоўскім

 

У Расійскай імперыі

  • ХІХ - пач. ХХ стагоддзя – Пінкавічы цэнтр воласці Пінскага павета ў складзе 20 вёсак з насельніцтвам 1470 чалавек.
  • 1830 год - лічыцца афіцыйнай датай пабудовы Свята-Пакроўскай царквы.
  • 1863 год – пабудавана школа (Пінкавіцкае народнае вучылішча)[3]. Падмурак захаваўся, а сама пабудова некалькі разоў была капітальна адрамантавана. Цяпер тут літаратурна-краязнаўчы музей імя Я.Коласа.
  • 1870-1880-я гады – пабудова царквы святога прарока Іллі. У 1960-я гады знішчана савецкай уладай[4].
  • 1887-1888 гады – у Пінкавіцкім народным вучылішчы было тры аддзяленні: малодшае, сярэдняе і старэйшае. Ва ўсіх аддзяленнях налічвалася 30 хлопчыкаў і адна дзяўчынка, дачка святара. Выкладаў у тым навучальным годзе настаўнік Васіль Емяльянавіч Буры. На ўтрыманне вучылішча выдаткоўвалася: 175 рублёў з дзяржаўнага бюджэта і 95 рублёў ад тутэйшых сялян.
  • 1904-1906 гады – у Пінкавічах настаўнічае Якуб Колас.
  • 23 лістапада 1905 года – Якуб Колас па просьбе сялян с. Пінкавічы, ад іх імя, напісаў прашэнне ўладальніку м. Альбрэхтова Зыгмунту Скірмунту з патрабаваннем палепшыць стан пінкаўцоў. За гэты ўчынак у лютым 1906 года малады настаўнік высланы з сяла.

Першая Сусветная і Грамадзянская вайна

  • 1915-1918 гады – Пінкавічы занятыя нямецкімі войскамі, масавае бежанства.

Карэнная жыхарка Пінкавічаў Марыя Хіхлюк (1909-1999) узгадвала:

Бацька сабраў усё, што мог. Пасадзіў нас на абозы, і мы рушылі ў невядомасць. Было вельмі страшна. Людзей проста цемра, стараліся трымацца аднавяскоўцаў. Праблемы былі не столькі з харчаваннем, колькі з медыцынай. Ад інфекцый памерлі два браты. Дадому вярнуліся пасля першай рэвалюцыі. Пабачанае яшчэ больш узрушыла. Пустата, у дварах гаспадарыў высакарослы бур'ян, вярнуліся на мёртвыя, але родныя землі і пачалі ўсё зноўку.        

 

За польскім часам

  • 1921-1939 гады – Пінкавічы ў складзе міжваеннай Польшчы. Цэнтр гміны Пінскага павета. У вёсцы знаходзілася ўправа лясной гаспадаркі і школа.
  • 1926 год – Пінкавічы ў выніку экспедыцыі па беларускім Палессі наведаў Язэп Драздовіч. Мастак замаляваў пінкавіцкія святыні.
  • 1928 год і 1938 год – тэрыторыя Пінкавіцкай гміны пашырылася за кошт ліквідацыі Ставоцкай гміны.
  • Кастрычнік 1934 года – Пінкавічы наведала знаная амерыканская вандроўніца Луіза Арнер Бойд.

 

У савецкай Беларусі

  • 1939-1941 гады – у складзе Пінскага раёна Пінскай вобласці БССР.
  • 1941-1944 гады – нацысцкая акупацыя. Вёска знаходзілася ў складзе Рэйхскамісарыята Украіна.
  • 1944-1957 гады - вёска ў складзе Пінкавіцкага сельсавета.
  • 1957-1989 гады – вёска ў складзе Аснежыцкага сельсавета Пінскага раёна.
  • 1953 год – Пінкавіцкай сярэдняй школе надалі імя Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, а ў 1954 годзе пабудавалі новую школу. Цяпер Пінкавіцкая сярэдняя школа імя Я.Коласа месціцца ў будынку, які паўстаў у 1987 годзе.
  • 1957 год – у гонар салдат, якія загінулі пры вызваленні ад нацыстаў, на месцы пахавання 197 воінаў пастаўлена скульптура салдата.
  • 1962 год – адкрыццё мемарыяльнай дошкі Я.Коласу.
  • 1986 год – утвораны Народны фальклорна-этнаграфічны калектыў «Крыніцы», які праводзіць унікальны абрад «Проводна нэділя»[7].
  • 1989 год – створаны Пінкавіцкі сельсавет з цэнтрам у Пінкавічах.
  • Лістапад 1990 года – адкрыццё літаратурна-краязнаўчага музея імя Я.Коласа.

 

Незалежная Беларусь

  • 1991 год – пасля станаўлення суверэннай Рэспублікі Беларусь Пінкавічы з'яўляюцца цэнтрам сельсавета ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці.
  • 1998 год – створаны Пінкавіцкі сельсавет з цэнтрам у Пінкавічах, дагэтуль вёска ўваходзіла ў склад Аснежыцкага сельсавета.
  • 1 студзеня 1999 года – у Пінкавічах створаны Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна.
  • 2000 год – у вёсцы налічвалася 1186 двароў і 3376 жыхароў.
  • 2005 год – насельніцтва: 4036 жыхароў (1274 двароў), такім чынам Пінкавічы названыя чацвёртым па велічыні сельскім населеным пунктам Брэсцкай вобласці.
  • 2008 год – праведзеныя маштабныя працы па добраўпарадкаванню Пінкавічаў: рамонт камунікацый і пешаходнай зоны.
  • Снежань 2009 года – на доме, дзе жыла Любоў Тарасюк, за кошт яе бацькі Канстанціна Міхайлавіча Тарасюка, усталявана мемарыяльная шыльда.
  • Лістапад 2012 года – завершаная рэканструкцыя музея і адбылося ўрачыстае святкаванне 130-годдзя Якуба Коласа.
  • 6 і 7 ліпеня 2013 года – Пінкавічы шырока адзначылі старажытнае народнае свята Купалле, удзел у якім узялі прадстаўнікі кіраўніцтва Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі.
  • Снежань 2013 года – адбыліся ўрачыстыя захады і літаратурна-музычныя вечары з нагоды 60-годдзя вядомай зямлячкі Любові Канстанцінаўны Тарасюк.
  • Кастрычнік 2014 года – усталяваны шматметровы металічны праваслаўны крыж на гранітным пастаменце.
  • Снежань 2015 года – на базе літаратурна-краязнаўчага музея імя Я.Коласа адбылася прэзентацыя дакументальнай стужкі і фотаальбома «Палессе Луізы Бойд».
  • Кастрычнік 2016 года – на тэрыторыі літаратурна-краязнаўчага музея імя Я.Коласа ўсталяваны мемарыяльны знак у гонар экспедыцыі Луізы Арнер Бойд..
  • Май 2017 года – у Пінкавічах размясціўся офіс Брэсцкага абласнога Гуманітарна-асветніцкага грамадскага аб'яднання «Садружнасць Палесся».
  • Жнівень 2017 года – у Пінкавічах у межах праекта «Захаваем крыніцы Пінскага Палесся», які рэалізавала Гуманітарна-асветніцкае грамадскае аб'яднанне «Садружнасць Палесся», з'явіўся унікальны прыродны аб'ект «Калодзеж Якуба Коласа».

Категория: История | Добавил: rodinamalaya (16.10.2022)
Просмотров: 97 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar