Малая родина

PRаздничный квартал

 

Верасень 

Як настане верасень — гаспадарам поўна гумно і кішэнь.

Халодны верасень, але сыты.

У верасні адна ягада, дый то горкая рабіна.

У верасні палі агонь і ў хаце, і на полі.

Верасень — з досвіткам дзень.

Як настаў верасень, дык туман кожны дзень.

У верасні і ліст на дрэве не трымаецца.

 

05.09. Лупа. Святы хрысціянскі пакутнік Лупа занатаваны  народам у прыказцы: “На Лупа будзе жыта купа”. Вядома і прыкмета: у дзень памяці святога Лупы нельга сеяць жыта, таму што на ўсёй ніве будуць “лупы” — жыта ўзыйдзе і вырасце плешынамі.

07.09. Баўтрамей (Варфаламей) — час сяўбы азімых. “Прыйшоў Баўтрамей  — жыта на зіму сей”. З’яўляецца шмат аваднёў і мух. З тае нагоды ўзнікла прыказка: “Святы Баўтрамей душыць аваднёў і труціць мух”. Замацаванае за ім выслоўе “Святы Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей” сведчыць аб адлёце птушак і пачатку вясельнай пары.

08.09. Другая Прачыстая (Меншая Прачыстая, Малая Прачыстая, Другі святок).  У Заходняй Беларусі гаварылі: “Прыйшла Меншая Прачыста, канчай сеяць начыста”.

11.09.  Калінавік (Іван Калінавіч Ян, Галавасек, Іван Крываўнік, Іван Посны, Галаварэз, Сцянцель). Назва замацавалася ад царкоўнага наймення дня  “Усекновения главы Пророка, Предтечи  и Крестителя Господня Иоанна”. У народзе ўсталяваліся за ім бытавыя прыкметы і павер’і. Лічылася, што нельга рэзаць, сячы круглае (капусту, бульбу, і г.д.) і нават есці. Не мылі галаву, каб не захварэць на каўтун. Пчаляры  “падглядалі” мёд. Прыкмячалі: калі пасеяць у гэты дзень жыта, то будзе ўраджай  “умалотны”. На Палессі стараліся завяршыць сяўбу абавязкова за дзень, а вечарам дзяўчаты выходзілі віць вянкі, спявалі песні. На Калінавіка збіралі ягады каліны, журавіны і выкарыстоўвалі ад боляў галавы. Настаў час руплівай працы ў полі — збору ўраджаю, калі дождж ужо не патрэбен. У народзе гаварылі:  “Да Яна прасіце, дзеткі, дажджу, а па Яне я й адзін упрашу”. З Калінавіка да Цудаў, Багача, Пакровы (у розных раёнах па-свойму) гэтая пара называлася Бабіна лета  — пачатак жаночых сельскагаспадарчых работ.

Пачыналіся сялянскія вяселлі, асабліва пасля Івана Пакроўнага, Пакровы да Піліпаўкі.

13.09. Пачатак сяўбы ячменю (шосты ці сёмы тыдзень ад Іллі). У беларусаў мелася шмат прыкмет:  “Сей ячмень, як загудзець сляпень”;  “Сей ячмень, як каліна ў кругу”;  “Ячмень сей на сёмым тыдні ад святога Іллі, у той дзень, калі на Усяедным тыдні была вея”;  “Ячмень сей на шостым тыдні ад святога Іллі”.

14.09. Сымон (Сямён, Стоўб). У народзе гаварылі:  “У Сямёнаў дзень да абеду ары, а пасля абеду аратага з поля гані”. Існавалі розныя павер’і наконт ураджаю, прымеркаваныя да гэтага дня. Напрыклад:  “Калі першы засевак жыта рабіць напярэдадні Івана (28 жніўня), то жыта ўродзіцца з буйным коласам, калі ж напярэдадні Сямёна Стаўба (1 верасня), то яно дасць добрую салому, але не будзе каласістым”. Пра зменлівы характар надвор’я ў прысвятак добра сведчыць прыказка:  “Сымон да варот, на дварэ сем пагад: сее, вее, круціць, муціць, зверху лье, знізу мяце”. Лічыўся днём адлёту птушак: “На Сымона ластаўкі хаваюцца ў ваду”, “На Сымона птушкі лятуць у вырай”. Да Сямёна імкнуліся пастрыгчы авечак, каб ён не ўкраў сабе на рукавіцы. А яшчэ казалі:  “На Сямёнаў дзень вужы на бераг выходзяць”.

У XVIII  — пачатку XIX стагоддзя на Сямёна праводзілі абрад “Жаніцьба коміна” (пасвета, лучніка). У ім заўважальны культ агню багача, хатняга духа-продка, хатніка. І невыпадкова. Бо светлавы дзень скарачаўся, пачынала рана цямнець і трэба было выконваць некаторую працу пры  лучыне. Комін упрыгожвалі ручнікамі, кветкамі, стужкамі.  “Частавалі” агонь на пасееце гарэлкаю, кідалі кавалкі сала, зерне, арэхі. Выказваліся пажаданні аб сямейным дабрабыце, каб спорна ішла работа. Жанчыны спявалі вясельную песню “жаніху”.

Ой, прыйшлі ж ночанькі доўгенькі,

Пасвяці ж нам, каміну беленькі.

Мы ж цябе кветкамі ўбіралі,

Барвяночкам, рутай аперазалі...

“Маладымі” тут выступалі Комін і Праца. “Праца наша — дзеўка гарненька, палюбіці Коміна радзенька”

Свэты, нашэ свэтыло,

Шчоб огню нам нэ тушыло,

Шчоб добрэ було прасты, ткаты

І сіяты тэпло ў хаты.

Мой Сэмэнку,

Мой соловэйку,

Як тобі хорошэнько!

Як затэныла калынонька

Да на лютом морозы.

Поцолуймоса, моя сваточко,

Да на пэршому порозы...”

Магчыма, раней выконвалі розныя песні з вясельнага рэпертуару. У абрадзе  прымалі ўдзел дзяўчаты, якія ў гэты вечар “запрадалі”. Каля пасвету за грабянямі, прадучы, слухалі таксама быліцы, жартавалі, гулялі з хлопцамі.

19.09. Цуды. Дзень “цудаў”, што могуць прынесці бяду. Звязаны з Прачыстай. На Піншчыне казалі: “Не так бойся Прачыстай, як Цуда яе”. На Цуда дзяўчына ішла на скрыжаванне дарог, станавілася на калені, дзевяць разоў чытала малітву  “Ойча наш”, затым зубамі адрывала лісток падарожніка і гаварыла:

Ты, святый подорожнык,

Ты стоіш пры дорозі,

Бачыш старого й малого,

Покажы мні мылого...

Дадому вярталася, ні з кім не размаўляючы. Лісток падарожніка клала пад падушку, каб прысніўся суджаны.

Міхайла — прысвятак, асацыіруецца з “цудам”. Не палілі святло ў хлявах. Існуе шмат паданняў пра незвычайныя дзівосы, якія здараюцца з людзьмі ў гэты дзень.

21. 09.  Багач (Багатнік, Багатуха, Гаспожка Багатая, Малая Прачыста, Прачыста, Другая Багародзіца, Другая Прачыста, Другая Спажа, Зельная), старажытнае свята заканчэння ўборкі зерневых, водгук язычніцкага свята земляробчага культу Даждзь-бога, “бога сонца, бога дастатку і багацтва”.

Адзначалася і ў іншыя дні, якія стаяць блізка да асенняга раўнадзенства. У некаторых раёнах лічылася першым днём восені. Цяпер прымеркавана да Раства Багародзіцы. Багачом або багатцам называлі таксама кошык з жытам і свечкаю. Яго на свята насілі ў кожную хату і адрыну. Зерне ў кошык збіралі з першага зажыначнага снапа, свечку рыхтавалі пад спеў дажынкавых мелодый. Згодна павер’ям, Багач забяспечваў сям’і дабрабыт і шчасце. На Багача да ўсходу сонца гаспадар засяваў ніву жытам, асвечаным яшчэ ў Першую Прачыстую. “Прыйшоў Багач — кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку”.

Свята ўраджаю ў разгары

 

З новага ўраджаю пяклі вялікі каравай, таму і называлі дзень Гаспожкай Багатай. Да свята стараліся скончыць касавіцу, і з тае нагоды казалі:  “Прачыста  — сывба чыста, а косьба нычыста”.

Перад Прачыстай буслы збіраюцца ў вырай. Існуе прыкмета: калі паляціць бацян яшчэ да Другой Багародзіцы, то ляжа ранняя зіма. Асенняе свята добра прадстаўлена прыказкамі: “У стагнача хопіць хлеба да Багача”;  “Багач заткнуў за страху рагач”  (магчыма, саху або матачку);  “Прыйшоў Багач  — рыхтуй рагач, прыйшла Пакрова — рыкнула карова”; “Да Багача баба рабача, па Багачы — хоць за плот валачы”.

22-23.09. Дзень астранамічнага асенняга раўнадзенства.

24.09.  Тадора. У пару асенняга раўнадзенства прысвятак напамінаў аб важнай змене ў годзе: “На Тадору ўсякае лета канчаецца” 

27.09.  Здзвіжанне (Уздзвіжанне, Звіжанне)—свята  “закрывання” зямлі на зіму. Лічылася, што сонца і прырода  “грае, здзвігаецца”, “іграе і дрыжыць” усімі колерамі. “Усё ў хату уздзенецца, каб мароз не пабіў”. У гэты дзень не хадзілі ў лес, бо там нібы збіраліся ў клубкі гадзюкі і вужы, каб схавацца ў норы на зіму. Існуе легенда, нібы ў цара гадзюк на галаве ёсць залатыя рожкі. Трэба раніцай на Звіжанне ўпільнаваць, калі будзе грэцца на сонцы клубок гадзюк з царом і ўдарыць па ім адзін раз “папліскаю” — схапіць рожкі і збегчы. Лічыцца, што тая карона здымае ўсе замкі і запоры. Лоўка ёю карыстацца зладзеям.

З Уздзвіжання пачыналі секчы капусту. “На Узвіжанне першая пані – капуста”, “У добрага мужыка на Узвіжанне дзень і пірог з капустай”.


Увесь тыдзень (“свістун”) не сеялі, каб не было пустога калосся. У назіраннях над прыродай значная доля адводзілася птушкам, якія забіралі з сабой лета. “Уздвіжанне — апошні воз з поля рушыў, а птушкі ў вырай пацягнуліся”;  “Уздвіжанне лета замыкае, ключык шызая галачка за мора панесла”.

29. 09.  Міхал. “На Міхала ясная ноч — будзе трывалая зіма. Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то ня май на надвор’е надзеі”.