Малая родина

PRаздничный квартал

 

Кастрычнік 

У кастрычніку — насмаркаць  багачу, я свой сноп малачу.

У кастрычніку і хата з дрывамі, і мужык з лапцямі. 

Кастрычнік ходзіць па краю й гоніць птушак з гаю. 

Кастрычнік ні калёс, ні палоз не любіць. 

Кастрычнік зямлю балоціць, а лес дык залоціць. 

У кастрычніку снег — толькі на грэх. 

У кастрычніку гром — зіма без снегу.

 

02.10. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца  — мароз на Пакровы ўдарыць.

03.10 Астап (Астаф’я). Людзі прыкмячалі; калі ў гэты дзень вецер паўночны  — на холад, паўднёвы  — на цяпло, заходні  — на дождж, усходні — на сухое надвор’е.

04.10. Пранцішак (Францішак). Да гэтага часу жыта ўсё ўбрана з поля, таму цяжка там знайсці зярнятка. “На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка”.

07.10.  Пачатак Бабінага лета (да 14 кастрычніка). У гэтую пару варажылі на  “шчаслівую бабулю” (бабку-пупарэзніцу). Усе дні загадзя  “раздаваліся” бабулям, якія прымалі роды ў наваколлі: панядзелак — Тэклі, аўторак — Юстыні, сераду — Марцэлі і г. д. Калі дзень выдаваўся сонечны, ціхі, вясёлы, гэта значыла, што рука ў бабулі лёгкая, і роды адпаведна пройдуць лёгка.

08.10. Сяргей. Першыя халодныя дні месяца далі падставу ў некаторых мясцінах назваць яго пачаткам зімы.  “З Сяргея пачынаецца зіма”.

Жалезны тыдзень. Чысцяць, змазваюць жалезныя рэчы, каб цэлы год не ржавелі і не ламаліся.

09.10. Іван Шаптун (Іван Пакроўны, Іван Журавіннік, Іван Кураед, Багаслоў). Свахі сакрэтна шапталіся з жаніхамі пра нявест, каб 1 кастрычніка (па старым стылі) зрабіць вяселле. Захавалася прымаўка: “Іван Багаслоў дружкі разаслаў, а на Пакрова дзеўка гатова”. Па прысвятку раней арыентаваліся ў заканчэнні сяўбы азімых, завяршалі іншыя палявыя работы і пачыналі вяселлі: “Богослаў сваты розослаў, почынають высілля робыты”. Вядомы песні:

Ах, восень, восень!

Сватоў па восем,

А ка мне ніводнага!..

Ай, восень, макрота,

Дзецюкам жаніцца ахвота...

10.10. Саўкі (Савасцей). У цёплую восень хавалі вуллі ў амшанік, хаця звычайна гэта рабілі ў Засімаў дзень.

11.10. Пакроўны бацька  — прысвятак за тры дні перад Пакровамі.

14.10. Пакровы (Пакроў, Трэцяя Прачыстая)  — народнае свята глыбокай восені, пасля яго пачынаецца зіма. Сяляне стараліся закончыць палявыя работы, усебакова падрыхтавацца да зімы. Пра гэты дзень вядома шмат прымавак: “Прыйшла Пакрова, пытае, ці ты да зімы гатова”, “Калі да Пакроў не было снегу, не будзе яго яшчэ два тыдні”, “На Пакроў мароз — сей пад кустом авёс” і інш.

Адбываюцца змены ў прыродзе:  “Прыйшла Пакрова  — усохла дуброва”,  “Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку вяночкам”. Становіцца менш корму жывёле на лугах.  “Пакровы — зарыкалі каровы”,  “На Пакрова дай сена карове”, “Пакрова — кіі на дрова” (г. зн. пастухам ужо не патрэбны).

Па надвор’і гадалі пра будучае. “Як на Пакрова дождж ідзе, то бортнік скача, а пахар плача”, “Як на Пакроў маладзік стане — лёгка будзе, як  “у старом”  — сільна зіма”.

Пакроў заўсёды чакалі, бо тады было менш работы. Кажуць:  “Як прыйдзе Пакрова, то жыва-здарова, як прыйшлі жніва, то ляжу нежыва”. Наступала пара асенніх вяселляў.

21.10. Трыфан, Пелагея. Прыказкі прысвятка адлюстроўваюць халодную пару. “Трыфан, Пелагея золкім ветрам вее”, “Трыфан кажух латае, Палагея рукавічкі вяжа”.

23.10. Аўлампій. У народзе прыкмячалі: калі на Аўлампія рогі месяца паказваюць на поўдзень — будзе позняя зіма, на поўнач — суровая.

24.10. Зміцер  — прысвятак.  “Зміцер зямлю выцер, на груды пабіў, каб ніхто не хадзіў”, “Да Змітра баба хітра”.

25.10. Марцін — свята млынароў. Заканчвалася работа на вадзяных млынах, бо замярзалі рэкі.  “З Марцінавага дня пачынаецца зіма” . Адзначалі яго на млынавым каменным крузе, елі гусей і гаварылі: “Марцін святы — губіцель гагаты”. Гагатой называлі гусей, якіх ужывалі на свяце.

28.10. Сымон і Юда.  “Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць”.

29.10. Логін  — прысвятак, збавіцель хвароб вачэй.

31.10. Лука (Лукаш) — прысвятак, па якім арыентаваліся на Палессі пра неспрыяльную пару для сяўбы азімых. “Хто сіе до Лукы, то нэ будэ маты ны хліба, ны мукы”. Адзін з дзён асенніх вяселляў. “На Лукаша — дзеўка наша”.

Юльян — прысвятак; ахоўнік дзяцей.