Малая родина

PRаздничный квартал

 

Лістапад 

Лістапад — вераснёўскі ўнук, кастрычнікаў сын, зіме бацюхна родны. 

Калі ў лістападзе грыміць — ратай вясну сніць.

У лістападзе гола ў садзе. 

Прыйшоў лістапад — кармі скацінку, брат. 

У лістападзе кладзі капусту ў кадзі. 

Лістапад сцюжаю багах: з кожным падзеліцца, яшчэ і на старцаў пакіне.

Лістапад зіме сцежку пракладае. 

Лістапад снегу навее — хлеба прыбудзе, а вада разальецца — сена набярэцца. 

Лістапад-паўзімнік: мужык з калёсамі развітваецца, у сані перабіраецца.

Лістапад на рабой кабыле ездзіць: то снег, то слата.

 

02.11. Змітраўка, Змітравы Дзяды, Казанскія Дзяды — памінальны дзень перад Змітрам (пятніца). Гаспадар заклікаў “дзядоў” за стол такімі словамі:

Святыя дзяды, завём вас,

Хадзіце да нас!

Ёсць тут усё, што Бог даў,

Што я для вас ахвяраваў,

Чым толькі хата багата.

Святыя дзяды! Просім вас,

Хадзіце, ляціце да нас.

А выпраўляючы душы памерлых продкаў, гаварыў:

Святы дзяды

Зляталі” сюды,

Есці — пад’елі,

Піць — напіліся,

Чэсць і слава вам!

Цяпер скажыце нам,

Чаго вам трэба?

А лепей:

Ляціце ў неба!

Пра гэтыя дні таксама казалі: “Жылі дзяды — не бачылі бяды, а ўнукі набраліся мукі”. 

Дзмітрава (Памінальная, Радзіцельская) субота  — працяг Асянім. Заўважалі: калі выпадзе снег, то будзе ён і на Вялікдзень.

04.11. Казанская.  “Хто на Казанскую жаніхаецца, той не пакаецца”. У праваслаўным царкоўным календары — святкаванне Казанскага абраза Божай Маці (у памяць выратавання Масквы і Расіі ад палякаў у 1612 годзе).

За прысвяткам замацаваліся цікавыя прыродныя назіранні. Да Казанскай — не зіма, а пасля — не восень; зранку дождж, з вечара — снег. На Казанскую дождж пойдзе  — зіму прывядзе. Выязджай на Казанскую на калёсах, але палазы з сабой прыхапі. 

08.11. Зміцер (Змітрок, Дзмітры)  —  “хітры” дзень, канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе. Адлюстраваны ў прымаўках: “Зміцер зямлю выцер, на груды пабіў,  каб ніхто не хадзіў”,  “Да Змітра пасуць, а па Змітру пільнуюць”.

На Змітра не пралі, не ткалі і ў полі не працавалі. Гавораць: “Проціў Дзмітрыя ў вечэрам не прадуць, не матаюць — Дзмітры хітры. А назаўтра вышываюць”. Змітраў дзень параўноўваюць у прыродных прыкметах з Вялікаднём. “Змітрок па снегу  — і Вялікдзень па снегу, Змітрок па голу  — і Вялікдзень таксама”.

09.11. Тадор. Прысвятак напамінаў, што ўраджай сабраны і ўпарадкаваны. “На Тадора поўна камора”.

10.11. Параскі (Параскева  Пяценка, Параскеўя Пятніца, Параскімка, Параскіммя, Параскоўя, Параскі Асеннія) — дзень забароны прадзення і ткання. Існавалі павер’і: хто будзе прасці, то з-пад печкі вылезе Пятніца і пакарае; яна ў выглядзе старой бабы ходзіць па вёсках і строга глядзіць, каб ніхто не праў кудзелю ў пятніцу. Царква да гэтага дня прыстасавала святкаванне святой Параскевы Пятніцы — велікапакутніцы. Дзяўчаты яшчэ не гублялі надзеі на замужжа, таму гаварылі: “Пятёнка, моя матёнка, поможы хоч ты, коб мні замуж пойты”.

11.11. Насіўся (Настасей, Анастасій). Даглядалі і  стрыглі авечак. Іх нябачнага апекуна прасілі:  “Святы Настасей-прэкрасны, саблюдзі авец нашых” (Дабравольскі, 1914) .

12.11. Артошка — дзень пачатку прадзення. “Святы Артошка, напрадзі пачатак з лукошка, а клубок з карабок, а мальчык з пальчык, напрадзі пачатык з пальчык”.

14.11. Кузьма-Дзям’ян (Кузьма-Земян, Касьма-Даміян, Кузьмінкі) — свята шаўцоў, кавалёў; апякун земляробства і вяселля. Існуюць паданні пра кавалёў Кузьму і Дзям’яна, якія змагаліся са змеем. У старой прыказцы зазначаецца: “Кузьма да Дамян — два ліцвіны, прынеслі гаршочак бацвінні”. На Кузьмінкі святкавалі першую сустрэчу зімы, што адлюстравана ў прыкметах: не закаваць зіме раку да Кузьмы; калі Кузьма закуе, дык Міхайла раскуе; на Кузьму лісты на дрэвах трымаюцца — недарод наперадзе чакае. Піліпаўскія Запускі (па 27 снежня) — апошнія дні перад Піліпаўкай. Гавораць: “У Запускы нэ прадуть, на Крэшчэнне, Мыхайла, Кузьму. Рукі позаверняе, або рот набок скрывыть...”.

Міхайлаўскія (Міхальскія, Міхайліны, Асеннія) Дзяды — пятніца перад Міхайлам. Сцвярджаюць, што хату беляць два разы ў год: вясною і перад Міхайлам, Асеннімі Дзядамі.

21.11. Міхайла (Міхаіл, Міхайла Архайла, Міхайла Рахайла, Міхайлаў дзень) — апошняе свята года; абаронца ад грому. “Мыхайло — усім святам запыхайло, посьлі Мыхайла ўжэ нэма святоў до Рожэства”,— гавораць на Піншчыне.

Лічылася, што на Міхайла Архайла мядзведзі ідуць у спячку. Раней пастухі выганялі кароў толькі да Міхайла, пасля  — самі гаспадары. На Міхайла Рахайла наглядаюць за надвор’ем і прыкмячаюць: калі на сцёках лёд, то будзе ў пчалавода мёд.  Унукі ў гэты дзень некалі наведвалі сваіх бабуль. У народзе бытуе: да Міхайла трэба выткаць адны кросны, другія — у Піліпаўку, трэція  — у Мясаед, а чацвёртыя  — у пост. Са святам звязана і пацяпленне, так званыя міхайлавы адлігі. “З Міхайлы зіма не стаіць, зямля не мерзне”,  “На Міхайлу раздарожжа  — да зімовага Міколы шляху не будзе”, “Міхайла ў інею прыйдзе — снежная зіма наступае, а калі туманам Міхайла спавіты — быць адлізе”.

22.11. Матрона. З прысвяткам звязаны прыказкі і прыкметы пра набліжэнне зімы.  “З Матроны становіцца зіма”, “Калі на Матрону іней на дрэвах увесь дзень — блізка маразы, з’явіўся туман — блізка адліга”.

24.11. Хведар Студзянец. Хрысціянскі Феадор Студзіт у сувязі з адпаведным надвор’ем і сугучным прозвішчам у народзе празваны Студзянцом.  “Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скутоляць”. 

25.11. Кацярыны— Прысвятак, які арыентуе ў надыходзе снягоў і кароткіх зімовых дзён.  “Прыйшла Кацярына  — прыйдзе і пярына”,  “Кацярына забрала лета”. У некаторых мясцінах лічылася: калі ў гэты дзень будзе дождж або снег, то аж да Грамніц зацягнуцца адлігі.

Іван Міласцівы. На Палессі стараліся з кім-небудзь хоць чымсьці падзяліцца, нешта пазычыць, падараваць. Калі на Івана Міласцівага ішоў дождж або снег, то меркавалі, што аж да Грамніц трэба чакаць адлігі.

27.11. Юсцініян. Прызнаны апекуном плоднасці, дзяцінства. Відаць таму, што царкоўны прававерны Юсцініян паказаны на абразе з дзіцём на руках.

Запусты (Загавіны на Піліпаўку) — дзень перад Піліпаўкай. Клікалі ў госці бабу,  “што пупы вяжа”. Жанчыны заканчвалі апрацоўку льну і канапель, рыхтаваліся да піліпаўскіх вячорак.

Піліп (Піліпей). Пярэдадзень Піліпаўкі. Апошні дзень падрыхтоўкі ткацкага начыння. Кажуць:  “Піліп дзяцей адзявае”. Перад Піліпаўкай заканчваліся вяселлі, таму спявалі:

Была восень, цяпер зіма,

Былі хлопцы, цяпер няма.

28.11. Піліпаўка (Калядны, Піліпаўскі пост). Шасцітыднёвы перадкалядны пост (да 6 студзеня). Гаварылі:  “У Піліпаўку дзень да палудня”. Не елі скаромнага. Не рабілі вяселляў. Дзяўчаты хадзілі на вячоркі, пачыналі ткаць  “другія” кросны. У песнях яны расказвалі аб сваіх занятках:

Пойдзем, дзевачкі, у начлежачкі.

Возьмем, дзевачкі, паўтары мычачкі,

Напрадзём, дзевачкі, паўтары цэвачкі,

Аснуём, дзевачкі, паўтары губачкі.

Пойдзем, дзевачкі, на сяло бёрда шукаць.

Усё сяло абышлі, бёрда не найшлі.

Будзем, дзевачкі, ў прасла кросны снаваць,

Будзем, дзевачкі, у тын кросны ткаць.

Заўважалі: калі на Піліпаўку надвор’е хмарнае або снежнае, то май  будзе мокры. У Пінскім раёне сцвярджаюць: “Як у Піліпоўку навісь на дэрэві, то будэ ўрожай на хліб”.

30.11. Андрэй.  Дзяўчаты вечарам напярэдадні варажылі, сыпалі пад падушку ячмень са словамі:  “Святы Андрэю, я ячмень сею, дай жа ты мне знаць, з кім я буду жаць”.

ВЯЧОРКІ

Дзяўчаты наймаюць сабе хату на ўсю восень і зіму, да вясны, у якой-небудзь удавы або наогул у беднай сям’і і плацяць у складчыну: льном па вазе, мераю канаплянага семя або круп, а таксама бульбаю.

“Вячэраць” прыносяць усё сваё, асвятленне таксама (керасінавыя “ланпы”). Збіраецца ў адной хаце дзяўчат пятнаццаць, не больш.  Усе прадуць і шчыра спяваюць. Прыходзяць і хлопцы паглядзець на дзяўчат, паслухаць іх спевы. Варта ўвагі тое, што на вячоркі трапляюць хлопцы з суседніх вёсак, а свае таксама большасць ідзе ў іншыя вёскі, часам і за дзесяць вёрст. Усе дзяўчаты начуюць на вячорках, а не дома. Нават самыя малыя дзяўчаткі выбіраюць якую-небудзь хату, канечне, бліжэй, дзе яны будуць прасці. Вячоркі называюцца яшчэ  “попрадкі”. З надыходам вясны яны спыняюцца,  але сяброўкі ўсё-такі ідуць начаваць  “у свае вячоркі”... Гэтыя летнія вячоркі называюцца ўжо “наначкі” — “хадзіць у наначкі”.

На працягу зімы дзяўчаты робяць тры, чатыры  “вечарынкі”. Наймаюць музыкаў са скрыпкаю і бубнам. Плацяць ім рублі два, у складчыну безумоўна. Прыносяць сваю правізію, а хлопцы — толькі частаванне: семечкі, пернікі. Вечарынкі пачынаюцца звычайна з раніцы і працягваюцца да позняй ночы.