Малая родина

PRаздничный квартал

 

Сакавік 

Сакавік часамі снегам сее, а часамі сонцам грэе.

Сакавік зялёны — ураджай благі.

Як у сакавіку туман, дык у жніво дождж — пан!

У сакавіку зіма не гніе — у красавіку трава не расце.

Няма ў сакавіку вады — няма ў красавіку травы.

Сакавік дрэвам сок пускае.

Сакавік мокры — хлеб горкі.

Жыта ў сакавіку  глядзіць у неба — не пакаштуеш зімой хлеба.

Сакавік дажджом імжыцца — хлеба будзе ў рукавіцу.

02.03. Дзень Фёдара Цірана. У ім бачыўся заступнік ад зладзеяў.

Масляныя Дзяды (Мясаедныя, Паставыя, Зімовыя, Стрэчаньскія)  — пятніца і субота. Раніцай палілі печку, бялілі ў хаце, засцілалі стол чыстым абрусам, вешалі новы ручнік  — чакалі гасцей,  “дзядоў”. Пасля рытуальнага абеду ўсё пакідалі на стале  “дзядам”, у сувязі з чым гаварылі: “Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі”. Дзедавая субота, на Палессі яшчэ называлі Бабы.

з 04.03. Мясапусная нядзеля — 8-ы тыдзень перад Вялікаднём.

Масленіца (Маслёнка, Масніца)  — пачатак (з панядзелка) Масленага (Сырнага, Крывога, Пустога, Развітальнага) тыдня, даўняга свята заканчэння зімы. Прыстасавана царквою да апошняга тыдня перад постам. Мясное не елі, а толькі малочнае. Гаварылі, што Масленіца бывае  “на маладзіку” (“рог месяца ўмачыў у масла”).

Наладжвалі гульні. Ездзілі на конях, каталіся на санках. Дзяўчаты насілі хусткі з доўгімі махрамі, каб вырас доўгі лён. Сяляне гаварылі: “Масленіца ў вятху,  дзяржы пшаніцу ў мяху; сей пшаніцу ва ўсю руку, калі Масленіца ў маладзіку”. Дзяўчаты хлопцам вешалі калодкі за тое, што яны не паспелі да  Масленіцы ажаніцца, і тыя адкупляліся салодкім. Моладзь выстройвалася і вадзіла па вёсцы “масленіцу”,  “каб лён добры вырас”.

Спявалі яшчэ і так:

У нас сягоння Масленіца!

Прыляцела к нам ластавіца,

Села на калу,

Скінула масла па каму...

Пачыналі ўжо гукаць вясну, што працягвалася цэлы тыдзень.

МАСЛЕНІЦА

Маслены тыдзень, ад панядзелка да нядзелі, праводзіцца шумна. Па вечарах таксама не працуюць. Ходзяць адзін да аднаго ў госці, а моладзь паўтарае каляднае гулянне. Днём усе лічаць сваім абавязкам пракаціцца: адны на санках, другія на ледзяшах, высечаных на рацэ або замарожаных у кадцы  (у іх вычэсваецца вогнутае сядзенне, а з боку прасвідроўваецца распаленым цвіком дзірка для вяровачкі). Трэція ездзяць на перавернутых, трохі падмарожаных лаўках або простых дошках. Добрыя гаспадары ў масленічныя дні абнаўляюць сані: усцягваюць іх на горку, там садзіцца чалавек 20—25 і стрымгалоў ляцяць з гары. Толькі такія сані і будуць затым лёгкімі на хаду. На Масленіцу ж аб’язджаюць упершыню і жарэбчыкаў, што дасягнулі трохгадовага ўзросту. У апошнія дні свята, у суботу і нядзелю, катаюцца на конях, абвешаных стужкамі, са званочкамі і шамкамі. Пры гэтым радасна крычаць, гігікаюць, спяваюць песні.

ЗАБАВЫ НА МАСЛЕНІЦУ

Выдумак і штукарства на Масленіцу хапала. Весяліліся і так: на кол у зямлі прымацоўвалі кола з воза, прывязвалі да яго жэрдкі, на якія чаплялі санкі. Адны  круцілі кола, другія каталіся. Мужчыны качалі па вуліцы калоду, каб летам рос добры лён.

ВЕШАННЕ КАЛОДКІ

З палена адразалі цурбанчык і чаплялі яго на пояс. Сабраўшыся разам на Масленіцу, заходзілі да каго-небудзь у хату. Гаварылі: “Гаспадар, прымай гасцей” і накідалі яму на шыю той  “паясок”. Гаспадар за гэта павінен быў расплаціцца, пачаставаць. Ішлі далей па вёсцы. На вечары рознае выдумлялі, смяяліся.

 09.03. Янка.  “Усе з галавою, а Янка дык не. Янкавай галавы баіцца зіма”. Гэты дзень яшчэ называецца Абертас (Паўраценне). Птушкі пачынаюць вяртацца з выраю. У царкоўным календары  — свята знаходжання (“обретения”) галавы Іаана Хрысціцеля.

Крывы (Тлусты) чацвер — чацвер на Масленым тыдні. Існавала шмат забароў “На Волосого бліны пыклы ці оладкы, коб булы вылы гладкы”.

10.03. Сорак мучанікаў (Прыска)  — свята сустрэчы птушак. Прыска — адзін з сарака мучанікаў, якія пакутавалі ў Севасційскім возеры. На гэты конт існуе выслоўе: “На святога Прыску праб’е лёд і пліска”.   Лічылася, што вясна зіму адолела.

 Гуканне вясны (Гувясна, Вясна, Прошчаны дзень, Гавенны дзянёк) — апошні дзень (нядзеля) Масленага тыдня, дзень сустрэчы вясны. Асабліва распаўсюджана і разнастайна традыцыя гукаць вясну з караваем (аграрная магія, культ нівы), з  “жаваранкамі”  (культ жывёлы). Вяснянкі спявалі на высокіх месцах (“красных горках”, стагах, стрэхах і інш.). Песні чуліся з розных бакоў, адбывалася пераклічка гуртоў выканаўцаў. Характэрнай асаблівасцю вяснянак з’яўляецца выгукванне  “Гу-у!”. Па ўяўленні нашых продкаў, Вясна ехала  “на сошаньцы, на варонцы”,  “на залатым кані”. Тэматыка песень: пра вясну, птушак, кросны, каханне. Праяўляюцца міфалагічныя вобразы Вяскоўкі, Ярылы  — божышча веснавой урадлівасці і пладавітасці жанчыны.

ГУКАННЕ ВЯСНЫ

Пасля Мясаеду перад постам, гэта значыць на Масленым тыдні, “гукалі вясну”. Калі з’яўляліся першыя праталіны, дзяўчаты ішлі на поўдзень у лес, даставалі з-пад снегу барвянок і плялі сабе вянкі. Іх упрыгожвалі стужкамі, кветкамі, перазімаваўшымі журавінамі і надзявалі на галовы. Вадзілі карагод, спявалі веснавыя песні.

Вясна-красна,

Што ты вынесла?

Ой! Што ты вынесла?

А я вынесла

Чэрэпок масла.

Чэрэпок масла,

 

Гаршчок сыра,

Галава сіва.

Усе дзевачкі

Павыходзілі.

Адно аднае не вывелі,

Бо ў Галечкі дзіця мала.

Дзіця плача,

Калыхаць хочэ.

Гаршчок кіпіць,

Выкіпаць хоча.

Устань, стары,

Пакалыш дзіця,

А я пойду

Дэй повесную.

Дэй повесную,

Дэй покрасную.

Самы вялікі вянок урачыста ўскладвалі або закідалі на адзінокую грушку ці бярозку на ўзгорку. Вакол дрэўца таксама вадзілі карагод з песнямі:

Ой, венчэ, мой венчэ,

Да зялёны барвенчэ,

Ек я цебе звіла

Шчэ ўчора звечора

Дай й на вішэньку однесла.

А моя маці ішла

Да мой венчык знайшла,

Да нелюбому оддала.

Спявалі яшчэ “Ой! Ужэ весна-весняначка”, “Бугай раве, на пашу хочэ”,  “Ой, поросці кропе” і інш. Тут жа пад дрэўцам на  праталіне дзяўчаты сядалі кругам (часам удзельнічалі і хлопцы) і елі сыр, масла, кашу і абавязкова вараныя яйкі.

13.03. Васіль і Марына — дзень, калі забаранялася прасці.

14.03. Паласказуб (Пласказуб, Панядзелак Пласказуб, Папалакіны) — першы панядзелак Велікоднага посту (7 тыдняў). Увесь пост царква не дазваляла есці мяса, піць малако, спяваць песні, танцаваць. Хлопцы насілі ступу і складалі туды розныя рэчы дзяўчат, каторыя не паспелі выйсці замуж. Дзяўчаты адкупліваліся, і ўсе разам гулялі. У розных раёнах Беларусі вешалі калодкі хлопцам, якія не ажаніліся. Прызнавалася добрым, калі першым у хату ў гэты дзень з раніцы заходзіў мужчына, а калі жанчына, то нібыта будуць развальвацца сыры.

Аўдакей (Аўдокій, Яўдоха, Аўдоння, Аўдуська, Яўдокі, Галдакей, Аўдоцця Вясноўка) — першы дзень вясны.  “Яўдокі  — з гары патокі”. Гаварылі, што Аўдакей трымае ў руцэ лета. Прыкмячалі надвор’е — ці нап’ецца певень або вол з-пад страхі. Лічыўся нешчаслівым днём, таму  “не пралі, не снавалі” і не выконвалі іншыя работы. Тады ж казалі: “Прадзі, гульцяй, бо будуць голыя бокі, як не прасьцімеш”. Але на “Оўдокый помідоры на расаду сажалі і на окне дэржалі”.

У валачобных песнях спявалі:

Святы Еўдакей — веснавы святок.

Веснавы святок — пераступ года.

Пераступілі ў яго слядочкі,

У яго слядочкі ўсе святочкі...

Ці:

Аўдакеі

Дровы сякуць,

У клады кладуць.

У іншых раёнах  “гукалі вясну”. Хаця, бывала, і добра яшчэ трымалася зіма.  “Яўдохі  — снегу па бокі”.  “Чырачка-пташачка, не залягай далечка…” Першыя чатыры дні сакавіка, па перакананні некаторых сялян, адлюстроўваюць наогул стан надвор’я ўсяго года: першае сакавіка ўяўляе сабою нібы вясну; другое — лета; трэцяе — восень; чацвёртае — зіму; якія выдадуцца дні, такая будзе і адпавядаць ім пара года. У другіх мясцінах гавораць:  “Калі Галдакей (дзень святой Еўдакіі, першае сакавіка) цёплы, свеціць сонца, то вясна і лета надарацца цёплыя і асабліва добры будзе сенакос. Ідзе дождж — чакай ураджай на жыта. Калі моцны мароз, то ён жа замарозіць грэчку ў час цвіцення. Як першае сакавіка туманнае, пашанцуе з ураджаем на стручковыя расліны. Калі ж мяцеліца і завея (бывае рэдка), то ў бягучым годзе неабходна чакаць вялікага голаду, які вымяце людзей”.

17.03. Герасім Гракоўнік — дзень прылёту гракоў. “Герасім гракоў прыгнаў”. Існуе прыкмета: гракі сядзяць ужо ў гнёздах — на дружную вясну, калі лётаюць бязмэтна або і зусім іх не відаць у аселіцы — вясна будзе павольная, часцей — позняя. “Гракі сядзяць ужо на гнёздах –  на дружную вясну” .

18.03. Конагароднік  — дзень падрыхтоўкі да пасадкі расады капусты.

19.03. Язэп.  “Як святы Язэп кіўне барадою, дык зіма ўцякае ўніз галавою”. Здаралася, што ў вясновыя  “паставыя” дні, калі касцёл забараняў шлюб, вяселле ўсё-такі адбывалася. На гэты конт народ меў прыказку:  “Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту”. Добрае надвор’е на Язэпа лічылася спрыяльным. “На Язэпа пагода — год ураджайны”.

20.03. Дзень астранамічнага вясенняга раўнадзенства.

22.03. Саракі (Саракасвятыя, Сорак мучанікаў). У народзе казалі, нібы на Саракі прылятае 40  “выраяў”, а таксама, што гэта свята  “пчальніковае” і ўжо канчаткова прыходзіць вясна. Гаварылі: “На Саракі мужык пытаецца, ці далёка да ракі”; “Святыя Саракі — да не йдзі да ракі”; “Святыя Саракі ў поле саху валаклі”. Выпякалі з цеста для дзяцей 40 жаваранкаў, ці 40 маленькіх піражкоў, галушак. Птушачак абліваюць засалоджанаю вадою з макам і даюць дзецям. Іншыя пякуць хлеб і на булках зверху кладуць з цеста як бы барану, серп, касу, саху або яшчэ што-небудзь з гаспадарчых прыладаў. Гэтыя рэчы падсушваюць і трымаюць за абразамі з грамнічнаю свечкаю...  Гушкаліся на арэлях. Згодна павер’ям, сарока пачынае віць сабе гняздо і прыносіць для гэтага 40 пруцікаў. Але чакалі яшчэ сорак маразоў. Нібыта з выраю тады прылятае сорак жаваранкаў. Хлопчыкі павінны да ўсходу сонца, не памыўшыся і закрыўшы вочы, падабраць на двары сорак трэсак і высыпаць іх пад печ або перакінуць цераз хату столькі ж палачак. Хто выканае гэта, той вясною знойдзе сорак птушыных гнёздаў (або сорак качыных яек). Народ ведаў, што “на Сорак мучанікаў дзень з ноччу мераецца”. Відаць, у старажытнасці ён звязваўся з вясеннім раўнадзенствам, ад якога пачыналася вясна. На Саракі сажалі расаду.

Калі хто-небудзь з сялян убачыць у той дзень вырай, які ляціць, то гэта,  па перакананні народа, знак яго будучага поспеху і шчасця ва ўсім. Асабліва наглядаюць гусей і жураўлёў: ці ляцяць яны кожны асобна, па аднаму, ці цэлымі ланцугамі. Калі гусі і жоравы “ляцяць па адном, дык і на жыта будзець добры ўраджай, і снапы будуць  такія цяжкія, што прыйдзецца насіць па аднаму; як ляцяць па два і па тры, то і жыта давядзецца насіць так”.

Збор (Ізбор, Узбор) — нядзеля першага тыдня (зборнага) пасля Масленіцы. Лічыўся пачаткам збору селяніна да выезду ў поле. У адной з песень распавядаецца:

А Збор мовыть господару:

“Слаўны мужу над мужамы,

Твое дило на торг ихаты,

Зэлизо купляты, нарогы коваты”.

Хутко ў полэ

25.03. Рыгор. “На Рыгора зіма ідзе ў мора”.

Феафан. У народзе прыкмячалі: калі дзень пачынаецца з туману, то варта чакаць добрага ўраджаю льну і канопляў.

Дабравешчанне (Звеставанне) — вясновае свята, свята прылёту птушак. Аб характары яго  сведчаць прымаўкі:  “На Дабравешчанне Бог багаслаўляе ўсе расліны”; “На Дабравешчанне і птушка гнязда не кладзе”;  “Дабравешчанне як захоча, дык і бусел заклякоча”.  “На Дабравешчанне звон, а ў морквы дух вон”  (траціць сок); “У каго хлеба шмат, Дабравешчанню рад”; “На Дабравешчанне цёпла — ураджай на арэхі”.

26.03. Міжблагавешчыны (да 7 красавіка) — забарона на “запасванне” кароў. “Запасванне” жывёлы ў гэтую пару, на думку сялян, наклікае на статак ваўкоў, якія прыносяць вялікую шкоду. Каб пазбегнуць няшчасця, беларус стараецца не даваць у доўг рэчы.

30. 02. Аляксей Цёплы (Аляксей Весняны, Аляксей, Алексій, Ляксей, Алісійкі). Лічыцца цёплым вясновым днём, з ім звязана нямала народных прыкмет.  “На Ляксея вол павінен з лужы напіцца”. Чакалі прылёту жураўля ці бусла. Бусько кажа: “На Лэксія хоть заб’юса, а з’яўлюса”.

Дзень рыбалова. “На Аляксея лёд такі слабкі, што его і рыба хвастом разаб’е”. Плялі сеткі.  “Аляксей сеці садзіць, лодкі смаліць, рыбу коліць”. Аглядалі (“тварылі”) вуллі. На Палессі вядома прымаўка: “На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою”. Калі былі цяжкасці з сенам, то палешукі не чакалі Юр’я, не звярталі ўвагу на Міжблагавешчыны, а выганялі  “тавар на чарнагалоў”, першую зеляніну ў балоце, або  “на верас”. Тут мелася на ўвазе любая мінулагодняя расліннасць, якую мусілі перабіраць згаладалыя пасля цяжкай зімы каровы.

У некаторых раёнах пачыналі сеяць лён, авёс.  “Аляксей сохі чэшыць, хамуты строе”. Не ткалі, перад сном дзяўчаты гадалі пра будучае замужжа.  “Святый Олэксію, я на Тобі  лён сію. Дай, Божэ, знаты, з кім буду ў пары стояты”.