Малая родина

PRаздничный квартал

 

Май 

У май каню сена дай, а сам на печ уцякай.

Май — жывёлу ў поле пхай.

Май зямлю грэе, а сіверам вее.

Май халодны — не будзеш галодны.

Сухі марац, мокры май — будз е жыта, як гай.

Мокра ў маі — будуць пышныя караваі.

Як у маі суха, то падцягвай бруха.

Як ідзе дождж у сакаўцы, то хлеба будзе ў рукаўцы, а як у маі — будзе і ў гультая.

Майская трава галоднага корміць.

Грымоты ў маю спрыяюць ураджаю.

Май — і пад кустом рай.

Май халодны, год хлебародны.

 

01.05. Кузьма. Гэты прысвятак, як і многія іншыя ў календары, служыць арыенцірам для селяніна ў выкананні розных работ. “У дзень святога Кузьмы сеюць моркву і буракі”, “Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком праводзіць”. Таксама садзілі часнок і іншыя караняплоды. Прычым стараліся тое рабіць у поўню, бо лічылі, што ў такім выпадку гародніна пойдзе не ў траву, а ў корань. Пачатак Праводнага (Вархушына, Мёртвага) тыдня (Провады). Серада пасля Вялікадня. На Піншчыне кідалі шкарлупінне з яек на ваду і спявалі:  “Іды, зыма, бо ты нам хліб выіла”; кідалі чырвоныя яйкі або камяні на поўнач, на вароты са словамі: “Пошла, зыма, до Кыіва, а нам літо покынула”.

Людавы дзень — чацвёрты дзень святкавання Вялікадня. Білі і качалі яйца з лубкоў.

Градавая серада. Серада на Велікодным тыдні. Не працавалі, каб летам поле не пабіў град. Праводзілі абрады каля студні.

Вялікадне мёртвых (Наўскі Вялікдзень, Шопшы Вялікдзень, Бабскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўская Пасха, Наўскі чацвер).  Чацвер на Велікодным тыдні, дзень памінання на могілках памерлых. Парадкавалі магілы, вешалі новую хусцінку ці стужку на крыж. Рассцілалі на магілах ручнікі, палатно і выстаўлялі яду. Пасля памінання пакідалі чырвонае яечка, хлеб і інш. Старажылы расказваюць:  “У нас колысь купалы на Вэлыкдэнь дэвок, а у чотвэр  — дэўкі хлопцуў”.

05.05. Ляльнік. Свята заклікання вясны ў гонар багіні Лады (Лялі). Дзяўчаты на лузе выбіралі самую прыгожую сяброўку, апраналі ў белую кашулю, упрыгожвалі зялёнымі галінкамі, вянком з кветак і саджалі сярод малочных пачастункаў. Вадзілі каля яе карагоды і спявалі.

ЛЯЛЯ

Беларусамі яна ўяўляецца ў выглядзе маладзенькай, прыгожай, прывабнай, высокай дзяўчыны. Святкаванне ў гонар яе бывае напярэдадні Юр’ева дня. Звычайна гадзіны ў тры па полудні на чыстым лузе (а  іншы раз каля хаты ў агародзе) збіраецца карагод маладых дзяўчат. Выбраўшы сабе сяброўку, што ўпаўне адпавядае іх паняццю пра Лялю, карагод беларусачак апранае яе ў доўгі белы саван, перавязвае ёй шыю, рукі і стан усякай зеленню, а на галаву кладзе вянок з розных вясновых кветак. У такім уборы саджаюць дзяўчыну на дзярновую лаўку, на якой з аднаго боку стаяць гладыш з малаком, масла, яйкі, смятана і сыр, а з другога — хлеб; ля ног Лялі ляжаць некалькі вянкоў з зелені, адпаведна ліку дзяўчат з карагода. Затым, узяўшыся за рукі, карагод дзяўчат скача вакол Лялі і спявае ў гонар яе песню. Тут Ляля раздае ўсім па чарзе малако, масла, сыр і г. д., пакуль, урэшце, нічога не застанецца. Пасля дзяўчаты ўстаюць і зноў скачуць вакол яе, прыпяваючы тую ж песню. У час скокаў і песні Ляля бярэ вянкі і кідае на танцаўшчыц да таго часу, пакуль кожная не схопіць па аднаму. Гэтыя вянкі дзяўчаты берагуць да наступнай вясны, а некаторыя, у выпадку замужжа — і больш, іншы раз усё жыццё, як нешта запаветнае, святое. Па заканчэнні цырымоній некалькі дзяўчат бяруць Лялю пад рукі, у суправаджэнні астатніх праводзяць яе з дзярновай лаўкі і, спяваючы ранейшыя песні, вядуць дамоў. Саван і зелень, у якія была апранута Ляля, хаваюць да другой вясны.

 06.05. Юрый (Ягорый, Юр’е-Ягор’е). Даўняе земляробчае свята першага выгану кароў. Юрый (Ягорый) — апякун жывёлы і земляробства (у хрысціянскі перыяд замяніў Ярылу). Пра свята гаварылі: “Да Юр’я корму і ў дурня”, “Юр’ева раса — не трэба каням аўса”. Статак выганялі вербнай галінкай на  “юраўскую расу”, шапталі замовы, абкурвалі кароў купальскімі зёлкамі. Коням стрыглі хвасты і грывы. Хадзілі аглядаць палі, закопвалі на ўзмежках рэшткі рытуальнай стравы (ахвяра духу зямлі), насілі на рунь каравай. Качаліся па ніве, каб зямля радзіла і давала здароўе. Вечарам спявалі юр’еўскія песні  — пра тое, як Юрый адмыкае зямлю ключамі, выпускае расу і вясну. Юр’еўскія песні спявалі да Міколы.

Са святам звязана шмат прымавак:  “На годзе ёсць два Юр’і ды абодва дурні: увосень — халодны, а ўвясну — галодны”; “Як на Юр’я пагода, то на грэчку няўрода”;  “Калі на Юр’я мароз, дык сей на балоце авёс”;  “Як дождж на Юр’я, то будзе хлеб і ў дурня”;  “Калі прыйдзе Юры, не ўгледзіш у жыце куры”; “Юры сказаў: “Жыта ўраджу”, Мікола адказаў: “Пажджы, пагляджу”.

Таксама святы Георгій  ў нашы дні працягвае дапамагаць воінам і мірным грамадзянам, якія маюць патрэбу ў дапамозе і выратаванні, за што яго шануе ўвесь хрысціянскі свет.

07.05. Алісей, Аўсей.  “Прыйшоў Алісей  — авёс пасей”. Больш дакладныя тэрміны сяўбы давала народная мудрасць: “Сей авёс, як камары з’явяцца”.  “Калі цвіце каліна — без ваганняў сей ячмень: не застанешся пакрыўджаным”.

Праводная (Прабудная) нядзеля (Провады).  Нядзеля пасля Велікоднага тыдня, на якой праводзілі Вялікдзень і зіму ў некаторых раёнах Палесся. На Піншчыне гаварылі:  “А ну, зіма, до Бучына, ужэ ты нам надокучыла. А ну, зыма, до Пэтрава, ты нам допэкла”. Кідалі пасталы ў агонь і скакалі праз яго.

08.05. Станіслаў.   “Сей лён на Станіслава, вырасце як лава”.

Радаўнічныя (Радунічныя, Радасныя) Дзяды. Звычайна адзначаліся ў панядзелак перад Радаўніцай. Называліся яшчэ Жывой радаўніцай у адрозненне ад Мёртвай у аўторак. Радаўніца (Радуніца, Провады, Праводная ці Мёртвая радаўніца, Мёртвы дзень, Праводны дзень)  — аўторак другога (Фамінога) тыдня пасля Вялікадня, дзень памінання памёршых на могілках. Вядомы ва ўсіх славян. У народзе гавораць:  “На Радаўніцу да абеду пашуць, па абеду плачуць, а к вечару скачуць”. Рытуальны дзень скокаў жанчын, якія нібы садзейнічалі ўрадлівасці зямлі і плоднасці жывёлы. Качаліся і куляліся па ніве, падскоквалі, імітуючы рухі жывёл.

11.05. Дзень Пранціша.  У Заходняй Беларусі існавала прыкмета: 11-га мокра — усё лета мокрае, а суха — усё лета сухое.

13.05. Якуб.  “На Якуба грэе люба”. Прадказвалі, якое будзе лета. Карысталіся дзедаўскімі прыкметамі: калі сонца ўзыйдзе ясна — чакаецца сухое лета, а праз хмары — дажджлівае; як ноч зорная і цёплы паўднёвы вецер — лета будзе з бурамі, але цёплае і ўраджайнае.

14.05. Макарэй. У некаторых мясцінах заходзілі ў раку і мачылі вочы, каб не балелі; свянцілі ваду.

Ярома. У народзе прыкмячалі: калі на Ярому непагадзь, то суровая і галодная надарыцца зіма.

Міраносцы. Жанчыны святкавалі таму, што, згодна царкоўнаму праваслаўнаму календару, трэцяя нядзеля ад Вялікадня — дзень святых жонаў Міраносіц.

15.05. Барыс (Барыс Кажалуп). Лічыцца апекуном палявых работ. На Палессі праводзіліся абрады каля крыніц, вада якіх прызнавалася гаючай пры хваробах вачэй.

16.05. Маўра. Прысвятак папярэджвае земляроба, што не ўсе дні ў маі бываюць па-веснавому цёплымі. “Маўра холад прыносіць” .

18.05. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер’і. Калі шмат вады ішло на яе паліўку, то меркавалі, што чакаецца сухі сенакос, слаба вада ўбіралася — на мокрую касавіцу.

20.07. Антоній. Прысвятак служыць арыенцірам у некаторых мясцінах для сяўбы аўса. “На Святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца, дык і прадасца”.

21.08. Іван Веснавы (Іван Мікольны, Іван Доўгі, Бацька Міколы, Мікольнік). Адзін з апекуноў земляробства. У полі з’яўляліся каласкі жыта, таму ў некаторых мясцінах гаварылі: “На Івана каласок, а на Пятра піражок”. Спрыяльны дзень для пасеву агуркоў, морквы, рэдзькі, гарбузоў і інш.  “Гуркы сіем, гарбузы, шчоб доўгыі булы, бо то ж Доўгый Іван, Іван Мыкульны,перэд Мікулою ходыть”. Сеялі агуркі, пакуль каровы ляжаць у хляве, каб былі такімі тоўстымі, як жывёла, і трымалі ў руках качалку, каб раслі такімі ж вялікімі. У Пінскім павеце жанчыны ў час пасадкі вышэй падбіралі спадніцы, каб усё вырасла высокае, і хапаліся за сваё калена, каб агародніна была тоўстая і круглая.

22.05. Мікола. Свята пастухоў; апякун земляробства. Аглядалі ўсходы жыта. Калі поле было плямістым, то вінаваціўся ў недародзе папярэдні апякун.  “Мікола біў Барыса,  што парабіў жыта лыса” . Як лічылі, у жыце ўжо павінна схавацца варона. Да гэтага дня паспявалі многае пасеяць і пасадзіць  — яравыя, авёс, бульбу, затым ячмень, лён, гарох, проса, каноплі.  “Да Міколы не сей  грэчкі, ды не стрыжы авечкі”. Пачыналі стрыгчы авечак, выганяць на пашу.  “Юр’я пасе кароў, а Мікола коней”;  “Прыпасайся сенам да Міколы, не бойся вясны ніколі”. Пастухі абходзілі хаты  — там іх частавалі, у полі смажылі яешню. У ноч на Міколу абкурвалі коней і валоў зёлкамі і абходзілі іх з яйцом, якое потым аддавалі сляпому старцу. З гэтым святам звязваюць і з’яўленне камароў. Гавораць: “Прыйдзе Мікола — высыпле камароў з прыпола”.

Алёна, Галена. Прысвятак звязвалі з ільном. “Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена”.

23.05. Зілот. У некаторых раёнах сеялі пшаніцу, стараліся пасеяць каноплі.  “Сей пшаніцу, і яна будзе як Злата”.

Пераплаўная (Градавая, Грамавая, Палавенская) серада (Перапалавенне, Серадапосніца). Чацвёртая серада пасля Вялікадня. (Назву дала, відаць, царкоўная легенда, згодна якой у гэты дзень Божая Маці пераплывала раку.) Дзеці ўжо маглі купацца — аж да Спаса ці Іллі.  Дазвалялася толькі садзіць цыбулю, каб была горкай.

24.05. Макей. Прадказвалі надвор’е на лета: “Мокра на Макея — і лета не прасушыць, а сухім Макей прыйшоў  — і лета не намочыць”.

Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры — і лета будзе мокрае, а як сухі — то і лета выпадзе сухое.

25.05. Епіфан. “На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю — гарачае, пажаранебяспечнае лета”.

27.05. Сідар (Сідары).  “Прыйшлі Сідары, прыйшлі і сіверы”. У народзе прыкмячалі: калі на Сідара дзьмуць паўночныя вятры, то лета чакаецца дажджлівае; калі да гэтага дня або на яго прыляцяць стрыжы і ластаўкі (касаткі) — лета надарыцца цёплае.

28.05. Пахом.  “Святы Пахом павее цяплом”,  “На Пахома цёпла — усё лета будзе цёпла”. Яшчэ кажуць:  “Сей агуркі на Пахом — будзеш насіць мяхом”.

29.05. Магдалена.   “Магдалена зязюльку прысылае”, “Магдалена — вады па калена”.

31.05. Фядот. Да гэтага часу  звычайна дубы пакрываліся зялёным маладым лісцем. Селянін прыкмячаў: “Як на дубе апушка — у Фядота поўная аўса кадушка”, “Прыйшоў Фядот— прынялася зямля за свой род”.