Малая родина

PRаздничный квартал

 

Студзень 

 

Студзень — году пачатак, а зіме  — палавіна.

Студзень зямлю студзіць.

Студзень хаты студзіць — рана гаспадароў будзіць.

Калі ў студзені дажджы — дабра не жджы.

Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік.

Студзень пагодны — будзе год плодны.

Калі студзень добра марозіць, селянін лучынку паліць і дровы з лесу возіць.

Калі студзень імглісты — мокры год, калі халодны — позняя вясна і халоднае  лета.

 

    1. Працяг Піліпаўкі (да 5 студзеня), апошні тыдзень.

06.01. Першая (посная, бедная, вялікая, марожаная) куцця сямейная перадкалядная вячэра. Абрадавая страва  — звычайна ячная каша з алеем або мёдам. Лічылася: якая куцця, такі будзе і  ўраджай; які дзень, такі будзе і год. Не сварыліся, не пралі, хавалі кудзелі, грабяні, верацёны. У хату прыносілі сена, за сталом выклікалі  “марозе”. Падмяталі падлогу, а ў наступныя дні — не, каб быў чысты лён. Існавала шмат іншых прыкмет і павер’яў.

07.01. Ражаство (Раство). “Святое Раство — людзям прыгаство”. Каляды. Пачатак  язычніцкага святкавання ў гонар зімовага сонцастаяння. Калядны мясаед (можна есці мяса), які цягнецца да Вялікага посту. Забіўшы перад Калядамі свінню, глядзелі яе нутро: калі  “каса” акажацца роўнаю, то зіма будзе памяркоўнай; калі ж  “каса” з патаўшчэннем, то зіма прыйдзе з моцнымі маразамі; тоўсты канец азначаў працяглую халодную зіму. На Каляды праводзілі ігрышчы, дзе танцавалі, гулялі, слухалі казкі,  легенды, адгадвалі загадкі. Асаблівай папулярнасцю карысталася шлюбная карагодная  гульня  “Яшчур” (“Яшчар”), у якой праяўляюцца сляды ахвярапрынашэння цнатлівых дзяўчат старажытнаму дракону-яшчару  —гаспадару падводна-падземнага свету. Яшчэ насілі  “звязду”  — рухомую шматпрамянёвую зорку, асветленую  знутры. У язычніцкі час, мусіць, абазначала свяціла, адраджэнне якога святкавалі. Спявалі спецыяльныя песні. Наладжвалі “Батлейку”  — пераносную двухпавярховую лялечную сцэну, дзе ставілі народныя п’есы.

КАЛЯДАВАННЕ

Да калядавання групуецца звычайна моладзь, што вечарам ходзіць па вёсцы з віншаваннем. Як  “шчынальнік”, або запявала, лічыцца сярод каляднікаў патрэбным чалавекам, так не абыходзяцца яны і без дамарослага скрыпача, які без перастанку найграе, часта на двухструннай сваёй скрыпцы, дарогаю ад хаты да хаты і на двары гаспадароў. Падышоўшы пад акно або пад дзверы, адзін з каляднікаў просіць дазволу “спяваць Каляду”, гаворачы: “Чі дома пан гаспадар? Чі веліш, пане гаспадару, Коледу запеваты, чі так коледы даты?” Атрымаўшы дазвол калядаваць, пытае:  “Якую заспеваты песню?” Гаспадар называе. Спяваюць звычайна пад вокнамі, некаторыя запрашаюць у хату; рэдка хто просіць спяваць болей адной песні, таму што ў такім выпадку патрэбна большае ўзнагароджанне.  Звычайна за адну песню даюць пірог, за дзве — два, а ў заможных хатах акрамя пірага даюць каляднікам грошы, кілбасы і сала. Ходзяць каляднікі з вечара да самай раніцы. Калі дзе застаюць гаспадароў спячымі, крыкам сваім падымаюць з ложкаў. Здараецца, хаця і вельмі рэдка, што ім адмаўляюць калядаваць, кажучы: “У нас була Коляда” або “Нэма дома господара”. Пявуны ці таму, што губляюць цераз гэта ўзнагароджанне, ці лічаць адмову крыўдаю для сябе, а можа, прымаючы пад увагу тре і другое разам, высмейваюць такія хаты прынамсі так:

У сій хаты

Нэма чого даты:

Соломку тоўкуць

— Пырогы пэкуць.

08.01. Каляды (працяг свята). Абходзілі з калядкамі хаты, у якіх праслаўлялі гаспадароў і іх дзяцей, жадалі дабрабыту. Царкоўнікі ўшаноўвалі сабор Прасвятой Багародзіцы. Варылі кашу і пяклі аладкі, жанчыны наведвалі бабку, якая “прымала”, ці “бабіла”, дзіця, унукі вазілі яе на санках ад хаты да хаты, дзе бабу частавалі, частавала і яна дзяцей, гуляла з імі.

Пра Каляды існуе шмат прыказак і прымавак:  “Прыйшлі Калядкі  — бліны ды аладкі”;  “Калядкі  — добрыя святкі: наеўся, напіўся да й на палаткі”;  “Насталі Калядкі,  гаспадарам парадкі”.

Вядомы і такія, што расказвалі аб цяжкай долі селяніна:  “Наўрад штоб стала хлеба да Каляд”; “Ад Каляд не ідзець у лад”;  “Прападай ты, пане, з Калядою, аддай мой мех”; “Як прыдуць Каляды — мужыкі мякіне рады, а як прыдуць зажынкі — няма хлеба ні асьмінкі”.

“ЗВЯЗДА” І “ВІФЛЕЕМ”

На працягу Каляд у некаторых мясцінах адбываецца пераважна два роды гульняў. Моладзь ходзіць або са “звяздою”, або з “Віфлеем”. “Звязду” майструюць так. На раму ад рэшата ці сіта наклейваюць прамочаную салам ці алеем паперу і замацоўваюць на падставачнай жэрдцы для зручнага пераносу з аднаго месца на другое. Каб гэты круг меў выгляд зоркі, прымацоўваюць да яго ў чатырох-шасці пунктах пірамідальныя  “рагі” і дзеля прыгажосці абгортваюць іх рознакаляровымі папяровымі махрамі. Затым робяць новае невялікае кола, па акружнасці якога наклейваюць выразаных з паперы салдацікаў, конніцу або пяхоту. Колца замацоўваюць на палачцы. Калі ўставіць у раму “звязды”  свечку (у пакоі не павінна быць святла) і паварочваць колца з наклеенымі салдацікамі, то для тых, хто стаіць з пярэдняга боку “звязды”, уяўляецца, што ідзе бясконцая колькасць войска.

Наладжванне  “Віфлеема”  найбольш складанае і абыходзіцца даражэй. Таму за яго бяруцца заможныя хлопцы. Майструецца нешта накшталт скрынкі, верх якой раздзяляецца на такія ж, як у “звязды”, пірамідальныя  “рогі”, толькі большага памеру. Бакі і верх скрынкі ўпрыгожваюцца рознымі карцінамі, што тычацца свята. Ніжні бок яе, або падлога, робіцца з разрэзамі і адтулінамі і бывае засцілаецца белымі мехавымі шкуркамі. Рыхтуюцца з дрэва фігуркі людзей, якія ўяўляюць сабою розных асоб: Ірада, трох Каралёў, жонку Ірада, Смерць у выглядзе шкілета з касою, Іуду-срэбралюбца, Цыгана з мядзведзем і г.д. Выявы тыя прымацоўваюцца да дроту — ён павінен вольна рухацца ў шчылінах падлогі. Вопытная рука, кіруючы дротам (незаўважна, безумоўна), можа прымушаць нямыя лялькі рабіць рознага роду спектаклі. Тут паважаныя гледачы ўбачаць і прагную да крыві Смерць, якая не шкадуючы сячэ свае ахвяры тупою касой, і займальную барацьбу Цыгана з мядзведзем, і своеасаблівы танец Ірадыяды, і многае іншае. Вясковы люд лічыць падобныя відовішчы вяршыняй задавальнення і асалоды. Майстры з гэтымі рэчамі ходзяць звычайна па вечарах да больш заможных гаспадароў, паказваючы ім сваё ўмельства, і атрымліваюць нейкае ўзнагароджанне.

09.01. Каляды. Сцяпан. Дзень найму батракоў, слуг у мінулым, таму гаварылі: “На святога Сцяпана вышэй слуга за пана”. Гаспадар будзіў батрака:  “Уставай! Табе сягоння каляда, а мне бяда”. Была і прымаўка:  “Прыйшлі Калядкі  — гаспадарам парадкі”.

13.01. Пачатак  Шчодрага тыдня, або  Багатая Каляда. У Заходнім Палессі  — шчодры вечар  Куготы,  Гаготы або  Агатуха. Паходжанне такога наймення вынікае з абраду: кідалі ў калодзеж кашу  — відаць, гэта ахвяраванне культу вады,— тады ж гадалі і крычалі ў калодзеж:  “Ку-гу-гу!”. З іншых крыніц  “Агатуха” паходзіць ад дзеяслова  “гагатаць” (весяліцца, смяяцца). Са шчодрым вечарам звязана шмат забарон, павер’яў і варажбы пра будучае замужжа. Шчодрая (шчадроўная, другая, мясная, нішчымная, скаромная, багатая, тоўстая) куцця (сярэдні шчадрэц, шчадруха) — абрадавая пераднавагодняя вячэра, якая вызначалася багаццем страў і іх скаромнасцю (тлустае, чаго нельга есці ў пост). Гаспадар запрашаў за стол:  “Мароз, хадзі куццю есці. А летам не бувай, хвастом не віляй, бо будом пугою секці”  (Лельчыцкі раён). Таксама называлі  “куццёй святога козліка”. На ўсе тры куцці (апошняя 18 студзеня) прыкмячалі, якое надвор’е вечарам: калі неба яснае і шмат зорак, то будзе ўраджай на грыбы; калі ідзе снег і мяцеліца, то будуць раі.

Шчадравалі пад вокнамі і ў хатах, дзе славілі гаспадароў. Вадзілі “казу” (“кабылку”, “вала”, “тура”, “мядзведя”, “жорава”) і спявалі песні, галоўнай з якіх з’яўлялася “Го-го-го, каза”. Шчадроўныя песні адрозніваліся ад калядных у асноўным  рэфрэнам. Хадзілі па хатах і са Шчодрай — прыбранай дзяўчынай.

ВАДЖЭННЕ “КАЗЫ”

Некалькі маладых хлопцаў збіраюцца ў якую-небудзь хату, пераважна маласямейную, і тут прыбіраюць “казу”: самага кемлівага з хлопцаў апранаюць у вывернуты кажух, на ногі яму насоўваюць другі, таксама вывернуты, і абодва кажухі замацоўваюць у поясе вяроўкай. Праўда, хутчэй атрымліваецца падобнасць мядзведзя, чым казы. Твар вымазваюць сажаю або насоўваюць маску; на галаву адзяваюць шапку, да якой прымацаваны рогі, сплеценыя з лазы ці саломы. У завяршэнне ўбору хлопцу даецца ў рукі вупражная дуга — на яе ён сядае вярхом, і — “каза” гатова. Неад’емнымі спадарожнікамі  “казы” з’яўляюцца  “дзед”, “важачы”, “цыганкі” і “музыкі” з “песельнікамі”.

“Дзедам” выбіраюць таксама маладога хлопца, здольнага выконваць гэтую ролю. Акрамя старой парванай вопраткі, што пакрывае яго, на твар надзяваюць маску з бярозавай кары, дзе выступаюць агромністы бурак замест носа і доўгі жмут ільну або пянькі на месцы барады; для дыхання прарэзваецца невялікая дзірачка насупраць рота і такія ж дзве дзірачкі для вачэй. “Дзед” павінен займаць гаспадара ў час паказу  “казы” вясёлай размовай, жартамі і частаваць яго  “нюхальным тытунём”. Для гэтай мэты стары мае сваю табакерку, напоўненую попелам. Ад падобнага пачастунку гаспадар, зразумела, заўсёды адмаўляецца, прычым у знак удзячнасці стараецца падпаліць бараду “дзеду”, што яму часта і ўдаецца. Дарэчы, за такі выбрык  “дзед” не злуецца і, выходзячы з хаты, прывязвае сабе другі шматок пянькі замест згарэлай барады.

Маладыя хлопцы таксама прыбіраюцца  “цыганкамі”, апранаючыся ў жаночае паношанае плацце і вымазваючы сабе твар сажаю. Іх абавязкі — варажыць або ўгадваць будучае. Следам ужо крочаць “важачы”, “музыкі”, “песельнікі” і хлопцы ў натуральным сваім выглядзе. Увесь гэты гурт пачынае  “вандроўку” з канца ў канец вёскі, прычым без папярэдняга запытання: “Пазвольця нам, хазяін, пагуляць” ніхто не заходзіць у хату. Атрымаўшы дазвол, усе заходзяць у хату, і “песельнікі” пад аднастайны танец “казы” пачынаюць весела спяваць.

14.01. Новы год па старому стылю, Васілле, Васіль (Васілей, Святы Козлік). З гэтым днём звязваюцца святочныя забароны, павер’і і варажба, а таксама розныя прыкметы. Напрыклад, пчаляры прыкмячалі: калі на першую Каляду  “пульга” (мяцеліца), то пчолы будуць раіцца пад Міколу, калі “пульга” пад Васільеўскую Каляду,— то каля Пятра, а калі пад хрышчэнскую Каляду,— то перад Іллёй. Свята прадказвала ўраджай на лета: туманы напярэдадні Васілля — на ўраджай; зорная Васілёва ноч — багатыя палеткі на лета; калі іней на Васілля, то будзе саломы болей, чым хлеба.

Дарослыя дзяўчаты на Васілле варожаць: выходзяць на вуліцу, падслухоўваюць ля вокнаў чужыя размовы і па іх стараюцца ўгадаць свой лёс; заплюшчваюць вочы, бяруць некалькі пален (бярэмак) дроў і калі лік іх акажацца цотным, то замужжа будзе шчаслівым; кідаюць чаравік за вароты  — у які бок ён упадзе наском, адтуль патрэбна чакаць жаніха; кладуць у некалькіх кучках зерне і даюць кляваць пеўню — з чыёй кучкі ён пачне дзяўбці, тая дзяўчына хутка пойдзе замуж.

18.01. Пісаная (Вадзяная) Каляда (Піскуха, Пабед-Каляда) — завяршальны дзень Каляд, Шчодрага тыдня. На сценах будынкаў “пісалі хрэст”, што азначала канец Каляд, “Каляда ад’язджае”. Трэцяя (апошняя, ваданосная, хрышчэнская, галодная, вадзяная, посная) куцця (вадзянка, вадзянуха, вадапосце). Калі вымалі звараную куццю з печы, усе “кохалі”, як курыца-квактуха. Дзеці залазілі пад стол і там  “кохалі” і “кукарэкалі”, маці сыпала ім семкі. Гэта рабілася для таго, каб выводзілася многа куранят, часцей куры нясліся і найболей было іх у гаспадарцы.

19.01. Вадохрышча (Хрышчэнне). Існавалі павер’і аб клопаце пра будучы ўраджай. Лічылася, што зіма павярнула на вясну. “Трашчы не трашчы — ужо прайшлі Вадахрышчы”. Запасаліся свянцонай (“гаючай”) вадою на ўвесь год. Высцілалі дарогі елкамі, рабілі крыж з лёду і фарбавалі бурачным сокам.

Народныя прыкметы: снег на Вадохрышча  — добра будуць раіцца пчолы і бульбы вырасце многа; зорная ноч  напярэдадні  — уродзіць гарох і ягады высыплюць густа і буйна; пахмурна ў гэты дзень — чакай ураджаю зерневых, а наадварот — недарод; калі выдасца цёплы дзень, насыпле снегу  — хлебная ніва густою будзе, але на капусце шмат вусеняў паселіцца; на Вадохрышча завіруха — на Вялікдзень таксама.

20.01. Прывадахрышча (Лянівы дзень). Заканчэнне святкавання Каляд. Прыцёк (Прысеча, Іван Прысеча, Іван Хрысціцель) — царкоўны сабор Іаана Прадцечы. Гавораць:  “Іван Прытік узяў куттюю да й утік” ;  “Вось сёння Хрышчэнне, заўтра Іван Прычэча і Каляда ўчэча” (уцячэ).  “Святы Іван храсты змываў ... кашу варыў” ,— спяваецца ў валачобных песнях. Лічыцца, што можна ўжо прасці (“Тык-прытык кудзелю прывалык”) і выконваць іншыя работы, якія забараняліся на Каляды. У многіх мясцінах Беларусі не працуюць, святкуюць.

З таго дня царква раней дазваляла вянчанне, таму да Маслёнкі спраўлялася найбольшая колькасць вяселляў. Пара тая называецца Малой вясельніцай.

24.01. Аксіння.  “Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце”.

25.01.  Таццяна. Лічыцца заступніцай студэнцтва. Пазначана прыкметай: сонца зіхаціць — на ранні прылёт птушак, а снег — на дажджлівае лета.

http://rushnychok.org.ua/gif/bb-46.gif http://rushnychok.org.ua/gif/bb-46.gif 31.01. Апанасся (Апанас, Апанасій, Гусінае свята, Гусеўнік).  Дзе-нідзе на Беларусі Апанасій лічыўся абаронцам жывёлы ад марозу, а таксама гусіным святам. Гаварылі, нібы апанасаўскія маразы здараліся такія моцныя што ў  “быка-траццяка” (трохгодка) зрывалі рогі. І папярэджвалі:  “Хавай нос у апанасаўскі мароз”. Існавала прыкмета: калі на Апанаса бывае мяцеліца — чакаецца працяглая вясна. Гэты дзень таксама азначаў палову зімы. Калі засталася палавіна корму для жывёлы, то казалі, што яна выжыве да вясны. Нашы продкі ў гэты дзень прасілі аб здароўі жывёлы: “Святы Уласій, Ахванасій, саблюдзі, Божа, красуль нашых”. Там жа даводзілі: на Апанасся мяцеліца — многа выведзецца гусянят.