Малая родина

PRаздничный квартал

 

Чэрвень 

Лета на зіму працуе.

Летні дзень за зімовы тыдзень.

Летні дзень — рок.

Не поле родзіць, а лета.

Што летам нагой коп, то зімой зубамі хоп.

Лета прыгатуе, а зіма з’есць.

Лецічка не ўлежна, дак уежна.

Хто ўлетку спіць, той узімку не есць.

Лета праляжыш, то ўзімку ў пазыкі пабяжыш.

Людзі рады лету, а пчолы — квету.

Благое лета, калі сонца нету.

Не прасі лета доўгага, а малі цёплага.

Летам і качка — прачка.

Чэрвень — пачатак лета.

У чэрвені ўбача спадар, што Бог дасць у дар.

Чэрвень — пралецця скон, а лета — у гон.

Чэрвень не гуляе — ураджай люляе.

Чэрвень сухі — плюнь на баравікі.

 

01.06. Людзі прыкмячалі: калі ў першы і другі дзень чэрвеня лье дождж — увесь месяц будзе сухі.

03.06. Алёна (Алёны, Ульяна)  — дзень ільну. Лічылася: як пасеяць лён на Алёну (Ульяніцу), то добры  “ўдасца”.

04.06. Васіліска.  “Ад Васіліска і салавей блізка”.

07.06. Ушэсце (Ушэснік, Шоснік) — дзень агляду жыта; чацвер на шостым тыдні пасля Пасхі, саракавы дзень. Як не будзе, кажуць, дажджу на Ушэсце, так не будзе шэсць нядзель. У валачобных песнях Ушэсце (Шоснік)  “колас выносіць”,  “у полі ходзіць, з Богам рондзіць”,  “пшонку сее”; у гэты дзень, як пяецца,  “жыта выплываець”,  “жытцо пучком, каленцам”, “колас точыць”, “аўсы шасцяць”... Згодна беларускім павер’ям, на Ушэсця з зямлі выходзяць прасушыцца скарбы, але іх ніхто не бачыць. З пшанічнай мукі на малацэ з яйкамі сяляне пяклі тонкія бліны, якія называлі  “богавы анучы”.

14.06. Усцін (Юстын і Харытон). З прысвяткам звязаны прыкметы пра рост зерневых раслін.  “Юстын цягне ўверх каноплі, Харытон — лён”. “На Усціна лета ўдаецца — жыта добрым коласам нальецца”. Сёмы тыдзень перад Іллёю. Пасля аўса браліся сеяць ячмень. Дакладны дзень сяўбы вызначалі па прыкметах.  “Сей ячмень, як загудзець сляпень”.  “Сей ячмень, як каліна ў крузе”.  “Сей ячмень з зімы, калі рож ня высыпала і яшчэ ячмень у пучках”.

16.06. Лук’ян. Паўднёвы вецер на Лук’яна — на добры ўраджай яравых, а калі падзьме паўночна-заходні  — сырое лета прынясе.

Градавая (Пераплаўная, Крывая) серада — дзень перад Тройцай (тое самае, што і чацвёртая серада пасля Вялікадня), лічыцца небяспечным для палявых работ. Нічога не садзілі, не палолі, каб не вырасла крывым.

Сёмушныя (Траецкія, Сярэднія) Дзяды — пятніца перад Сёмухай. “У пятніцу вараць постнэ, а ў суботу скоромнэ. На стале астаўляюць “дзядам”.

Духавая субота (Святы дух, Стаўрускія Дзяды, Стаўроўскія Дзяды, Сёмка)  — Дзяды ў суботу перад Сёмухай, Тройцай. Сяляне рыхтавалі 5 або 7 страў. Пілі з адной чаркі, пускаючы яе па крузе. Пакідалі крыху стравы і гарэлкі для “душ”. Вядомы прымаўкі: “Да Святога духа не скідай кажуха”, “На Духа будзець цёпла і суха”. У гэты дзень садзілі капусту.

Зялёная (Кляновая) субота (Зелянец, Май, Зялёныя святкі) — свята маладой зеляніны перад Сёмухай. Варажылі пра надвор’е. Асвячалі травы, абкурвалі хаты, жывёлу, каб не баяліся перуноў. Гаварылі:  “На Зелянец вясны канец”.

ДУХАЎ ДЗЕНЬ

Напярэдадні Духава дня, у Духаўскую суботу, сеюць каноплі. Гэта робяць звычайна пад вечар, таму што пасля сяўбы ўжо нічога нельга рабіць, інакш каноплі не будуць удачлівымі. Затым ставяць зялёныя бярозкі і галіны іншых дрэў перад вокнамі  — вось чаму і называюцца Духаўскія святы Зялёнымі святкамі. У сялян ёсць звычай прыносіць у царкву кветкі і зёлкі, акрапляць іх вадою і захоўваць на працягу года. Імі абкурваюць хаты, жывёлу і пры наступленні навальнічных хмар паляць на павольным агні для перасцярогі ад маланкі. Пасля абеду (полудня) дзяўчаты адпраўляюцца ў лес. Яны бяруць з сабою яйкі, сала, кілбасы, і, прыгатаваўшы яечню і закусіўшы, пачынаюць завіваць вянкі. Кожная выбірае дзве невялікія бярозкі, верхавіны якіх звязвае ў выглядзе вянка. Дзяўчаты праходзяць пад імі, спяваючы:

Пойдзем, дзевачкі, у луг гуляць,

Зялёных вянкоў завіваць.

Заўём вянкі на ўсі святкі,—

На ўсі святкі, на ўсі празнічкі.

Потым варожаць: калі вянок не засохне дачасна і патрэбна развіваць яго, то гэта добрая прыкмета, а як рана засохне, то “дурная прымета”. Затым рвуць са сваіх бярозак зялёныя галінкі, робяць з іх вянкі. Вянкі кладуць сабе на галаву і, несучы іх такім чынам да ракі, заводзяць песню:

Выхвалялася бяроза,

Што ў яе лісточак зялёненькі,

Што ў яе ветвікі да долу.

Як зачуў, пачуў шэры дуб,—

Ня хваліся, кажыць, бярозе,

Ня сама бяроза расцілась...

За рэчкаю, за быстраю,

Чатырэ дваркі;

А ў тых дварках —

Чатырэ кумы.

Вы, кумочкі галубочкі,

Куміцеся, любіцеся,

Любіцеся, куміцеся,

Любіце й мяне.

Сашчыпніце па цвеціку,

Сашчыпніце і мне.

Саўеце вы па венчыку,

Саўіце вы й мне.

Панясіце на ціхі Дунай,

Вазьміце і мой.

Кіньце сваі вяночкі,

Кіньце вы й мой.

А ўсі вянкі паверх плывуць,

А мой патануў;

А ўсі дружкі з пахода йдуць,

А майго нямаш.

Падышоўшы да ракі, усе кідаюць свае вянкі і па іх варожаць пра будучае. Калі вянок плавае па вадзе  — добрая прыкмета, калі патанае — благая.

 

СТАЎРОЎСКІЯ ДЗЯДЫ, АБО СЁМКА

...Да гэтага дня вядзецца ў доме такая ж падрыхтоўка, як і да Асянін, але ён не суправаджаецца тою ўрачыстасцю і шчодрасцю страў, што ў сялян узносяць свята. Вясновы недахоп у хлебе  і наогул у харчаванні бывае ці не штогод і амаль для кожнага вельмі значны, а таму і Сёмка адзначаецца не так багата. Некаторыя прасталюдзіны на пытанйе, чаму яны на Сёмку не запрашаюць сваіх  “дзядоў”, адказваюць:  “Наштош іх зваці, калі нечага даці”.

Назва Дзядоў “Стаўрускія” або “Стаўроўскія” узята з урачыстага звароту перад пачаткам вячэры. Дзед або бацька, нахіліўшыся так, каб твар яго быў на ўзроўні са стравамі, гаворыць:  “Стаўры, Гаўры, прыходзьце к нам!” ...Недалёка ад горада Дрысы ў язычніцкія часы, кажуць, жыў і валодаў значнай прасторай на Дзвінскіх берагах нейкі славуты асілак, князь Бай, ці Буй. Ён меў двух сабак добрай пароды: адзін называўся Стаўры, а другі — Гаўры. Сабакі былі вельмі дужымі і разумнымі, ніякі звер не мог змагацца з імі; яны неаднаразова ратавалі свайго гаспадара і выводзілі з лесу, калі ён блудзіў на паляванні. Князь загадаў падуладнаму люду аказваць сабакам гонар як першым і самым давераным сваім абаронцам. А калі яны здохлі, кожны год наладжваў для людзей Пір на тым месцы, дзе былі пахаваны яго сябры  — сабакі. Гулянне працягвалася за поўнач, і калі ўсе разыходзіліся, то пакідалі рэшткі страў, косці кідалі ў агонь, заклікаючы і ўяўныя душы здохлых сабак: Стаўры, Гаўры. На самой справе, ці адсюль бяруць пачатак Стаўрускія Дзяды — цяжка вырашыць. Можа, гэта легенда выдумана адукаванымі людзьмі, што высільваюцца знішчыць рэшткі язычніцтва і паказаць недарэчнасць абраду. Сёмкі ж атрымалі назву ад часу свайго святкавання — у сёмы тыдзень ад Пасхі.

Сёмуха (Сямік, Тройца, Клечанне)  — язычніцкае свята, у якім праглядаецца культ продкаў і расліннасці, прымеркаванае пазней царквою да хрысціянскай Пяцідзесятніцы (50-ы дзень пасля Пасхі).

Упрыгожвалі  “маем” будынкі. У Пінскім раёне рвалі рагоз (“лепеху”) і клалі на падлогу, каб не было блох. Дзяўчаты хадзілі ў лес “завіваць” бярозкі, плясці вянкі, есці абрадавую страву (яйкі). У некаторых раёнах Палесся называлі гэтае свята Клечаннем, відаць, таму, што галінкамі клёна ўпрыгожвалі хаты. 

Звычайна на другі дзень Сёмухі на Піншчыне некалі наладжвалі свята Куста, або вадзілі “куста”. “Апраналі” дзяўчыну ў зялёныя галінкі дрэў і вялі па вёсцы з песнямі:

Повэдэм куста под гай зэлэнэнькы,

Зустрінэ нас да казак молодэнькі...

Прывэлы куста

Да й з зэлёного клёну:

Дай нам, пану,

Хоч по золотому...

 

Абрад і песні былі накіраваны на садзейнічанне ўрадлівасці зямлі і лепшай долі чалавека.

СВЯТА КУСТА

...На выгане, дзе збіраецца люд на гульні, укопвалі зялёнае дрэва з рознакаляровымі стужкамі. Сюды прыходзілі дзяўчаты, замужнія жанчыны, хлопцы на чале з прыгожай дзяўчынай — яна для ўсіх была багіняй. Зялёны вянок аздабляў яе скроні, бярозавыя галінкі ўпрыгожвалі аж да ступняў. Усе танцавалі вакол дрэва і спявалі песні, у якіх часта паўтаралася:  “О, Мая! Мая!” Звычайна такую ўрачыстасць святкуюць на Зялёныя святы. На прыстойную дзяўчыну апранаюць сукенку накшталт плашча,  сплеценага з бярозавых галінак. Іншыя дзяўчаты абкружаюць яе і ходзяць па вёсцы, скачуць і спяваюць:

Коло того да зэлёного куста

Посіяна чэчэвыца густа.

Хто тую чэчэвыцу зорвэ,

Той тую діўчыну замуж возьме.

 

Конскі Вялікдзень — першы аўторак пасля Тройцы, свята коней. У гэты дзень не выкарыстоўвалі іх для работы, у канюшні ставілі свечку за здароўе жывёлы.

20-21.06. Дзень астранамічнага сонцастаяння.

21.06. Тодар (Хвёдар). Па стану надвор’я ў гэты дзень стараліся

прадказаць надвор’е і ўраджай на лета: “На Тодара раса — канапель паласа”;  “На Тодара раса — лета сухое і ўраджайнае”;  “Навальніца на Хвёдара — падвядзе надвор’е ў час жніва”; “Хвёдар з навальніцай— сенакос спартачаць”; “Росы з Хвёдара — лён уродзіць”.

 Неўскі (Намскі) чацвер (Неўская Тройца)  —  чацвер пасля Тройцы, памінальны дзень продкаў на могілках. Нічога не рабілі, бо лічыўся “сухім” днём.

25.06. Анапрэй (Нупрэй)  — прысвятак. Спрыяльны дзень для сяўбы грэчкі.  “Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ”. Лічылася, што ўжо паспелі суніцы.  “Калі суніца красна, не сей аўсу напрасна”, гэта значыць авёс не паспее да марозу.

Пятроўскія запускі  — наступная нядзеля пасля Тройцы, пярэдадзень Пятроўскага посту. Хадзілі “развіваць вянкі”, якія завівалі ў Зялёную суботу. Спявалі песні.

Розыгры (Русалчыны розыгры)  — апошні дзень Русальнага тыдня. Засцерагаліся, каб русалка не  “зашчыкатала” чалавека. “Русалкі тыждзень гуляюць, по жыту бегаюць, да косы распушчаны, а ў понедзелок розойдуцца, то кажуць: розыгры”.

26.06. Акуліна (Акуліна Грэчышніца, Акуліна-задзярыхвост) — прысвятак. Тлумачыліся назвы так: на тую пару з’яўляецца шмат аваднёў і каровы на пашы  “зыкуюць”  — бегаюць, задраўшы хвост.

Пятроўка (Петравіца) — Пятроўскі пост (да 11 ліпеня). Гавораць: “Літом у Пэтроўку вэсілля не робяць... Пэтроўка-голодоўка, тому шчо старый хліб поілы, а нового не нажалы”. Усюды — пара сенакосу. “Хто ў Пятроўку сена не косіць, той зімою ў сабак просіць”.

28.06. Амос. За прысвяткам замацавалася прыкмета: прыйшоў Амос — цягне ўгору авёс.

Дзевятнік — чацвер на дзевятым тыдні пасля Вялікадня. Не працавалі  ў полі, засцерагаліся грому. На Палессі прыкмячаюць:  “Трэ коб на Дзеўятнік було дзеўяць ягадзін на ветцы”. Збіраючы ягады, грыбы і арэхі, спявалі песні.

29.06. Ціхан — дзень заканчэння севу жыта і пачатак вывазу гною. Зямля прыпавольвае свой рух на арбіце, і ў народзе Ціхан наводзіць асацыяцыі на ціхі дзень.  “На Ціхана, і пеўчыя птушкі заціхаюць”. “На святога Ціхана сонца ледзьве дыхае”.

“ЦЯЛЁПА”

Гной часта вывозіцца талакою. Апошні воз называецца “падскрэбышам”, а вазніца—  “цялёпаю”. Над цялёпай усе смяюцца і скіроўваюць у яго адрас жарты цынічнага характару. Абавязак цялёпы: украсці кашу ў час абеду, якая варыцца для гэтай мэты асобна на кожнай талацэ. Да агульнага задавальнення цялёпа выкрадае кашу, а гурт дзяцей звычайна кідаецца лавіць злодзея. Ён жа стараецца папасці ў той хлеў, дзе бралі гной. Там пад агульны смех усе наперахват хапаюць кашу, а гаршчок разбіваюць.