Малая родина

PRаздничный квартал

 

Ліпень 

Ліпень пякучы, але даручы. Ліпень косіць і жне, доўга спаць не дае.

Хто ў ліпені на полі пацее, таго ўзімку печка грэе.

У ліпені з касою мужык, а баба з сярпом, але ў хаце ладком.

Ліпень што спаліць агнямі, тое салье дажджамі.

 

03.07. Свята перапялятнікаў і навальніц. Лічылася, нібы ў гэты дзень ці ў наступны грымне гром, блісне маланка.

05.07. Дзесятка — чацвер на дзесятым тыдні пасля Вялікадня; адзін з этапаў даспявання жыта.  “Дзесятнік гнаі возіць, Дзесятуха косы точыць”.

06.07. Купала (Купалле) — старажытнае абрадавае свята сонца і агню, божышчаў урадлівасці і росквіту зямлі. Прымяркоўвалася да летняга сонцастаяння.  “Сёння Купала, заўтра Іван...”,— гаворыцца ў песнях. Гэта дае падставу сцвярджаць, што Купала  — язычніцкае свята, да якога прыстасавана пазней святкаванне царквою (у другі дзень, 24 чэрвеня) “Рождества честного славного Пророка, Предтечи н Крестителя Господня Иоанна”. Язычніцкае Купала ўпамінаецца ў летапісах 1175 года.

Дзяўчаты збіралі лекавыя зёлкі, кветкі для вянкоў, хлопцы пад вечар сцягвалі старыя рэчы, галлё для вогнішча. Месца для яго выбіралася часцей на высокім беразе ракі ці возера, на паляне, каля жыта. Праводзілі абрад здабывання “жывога” агню — церлі асінавыя палкі.  “Сягоння ў нас Купала, сам Бог агонь расклаў”. Палівам для кастра служылі таксама дровы з дуба  — сімвалічнага дрэва Перуна, што бачна з купальскіх песень: “Пажарам дуб’ё гарэла...”, “Гарэла дуброва, гарэла...” і інш.

Песнямі суправаджаліся абрады на свяце, карагоды і гульні, завадатарамі якіх з’яўляліся Купалінка і Купаліш. Ля вогнішча ўсе частаваліся абрадавай стравай, моладзь пераскоквала цераз агонь — ён лічыўся ачышчальным ад злых духаў. Спальванне прасмаленых колаў на шчасце ці спусканне іх, палаючых, з гары  — адгалоскі пакланення свяцілу. “А на гарэ калясо, гарыць яно харашо...”

Дзяўчаты на Купалле варажылі аб будучым замужжы. Наогул, гэта свята маладосці і кахання.

КУПАЛЬСКАЯ НОЧ

Вечарам збіраецца супольнасць па магчымасці ўсіх жыхароў вёсак, якія ў сувязі з гэтым амаль пустыя, у полі, на пагорку, каля рэчкі ці вялікай ракі... Галоўны разгар свята, гулянні, песні — ноччу, на Івана. Робяць і прыбіраюць ляльку  — жаночае пудзіла. Носяць яе, скачуць вакол, запальваюць, пазней — топяць у вадзе...

Часцей агульнаўжывальны і абавязкова паўсюдна, як выключная асаблівасць, без якой няма Купалы,— касцёр, што запальваецца, згарае, іншы раз заліваецца вадою... Агонь у некаторых мясцінах распальваюць пры дапамозе трэння дошак. Яны і гараць у кастры (з разбітых бочак, чанаў, кублаў, вёдзер, хатняга драўлянага посуду, у дадатак — старых ануч, лыка).

Цераз касцёр скачуць, але меней, чым у Маларасіі і іншых краях. Больш вакол танцуюць, гуляюць, піруюць. Замест кастра ці пры ім іншы раз гарыць бочка, калі ёсць — смаляная, дзе дазваляе мясцовасць — на ўзвышэнні або крутой гары. Заліваюць вогнішча кубламі (чанамі, дзежкамі) і вёдрамі. Радзей “пускаюць” агонь па плоце... Яшчэ радзей цяпер купаюцца. У некаторых мясцінах замест купання ўжываецца лазня, і то ўжо як падрыхтоўка да свята або ачышчэнне пасля Купалы...

Самое месца, дзе збіраюцца, абгароджваецца, абсаджваецца зялёнымі дрэўцамі, часцей бярозкамі, калкамі, накшталт зялёнага тыну, плятня...

Абрады суправаджаюцца песнямі, моцным прытопваннем, стукам. Калі маецца, у што-небудзь б’юць: ці ў кубел, ці ў вядро. Гэта і адчуваецца ў прыпеве саміх песень. Дзе толькі захавалася валынка і можна яе дастаць, то яна абавязкова прысутнічае. Пры ёй і дудар, скамарох з прытанцоўваннем. Калі ж няма, то добра і скрыпка...

Пачастункі,  якія прыносяцца з усіх заможных дамоў і ўжываюцца раздзельна, гуртам і ў складчыну, уключаюць сыр, тварог, праснакі-бабкі з тоўчаным канапляным семем, цыбулю, часнок, пахучае зелле, халаднік-квас, яешню, верашчаку, дзе маецца сала і мяса (адзінае выключэнне з астатніх больш раслінных страў у гэтае свята) і г.д.

Зёлкі, былінкі, травы ў купальскую ноч збіраюцца наогул усе, што патрэбныя для выкарыстання — для вянкоў, лекаў і ежы. Гэта лепшая іх пара. Але, як і ўсюды ў славян і на ўсёй Русі, у Русі Белай ёсць травы і кветкі выбраныя, якія выключна належаць купальскаму дню: рута; васіль, васілёк, дзягель, дзягіль, дзягель; багаткі; салодка, саладушка; буйрак, бурашнік; ластавіца, ластавень, кураслеп, курыная слепата; пералёт; лопань, лопух; быліца; расходнік, брацішкі, брат з сястрою, іван-ды-мар’я; найбольш папараць, папыратка, папаратнік. Ён цвіце толькі адзін раз у год незвычайнай, цудоўнай, асляпляльна белай кветкаю, іменна ў гэтую поўнач.

Скарбы або гаршкі з золатам і серабром даюць пра сябе знаць у купальскую ноч. Над імі выскоквае воўк, гарыць агонь, а часцей за ўсё цвіце папаратнік. Але хто сарве кветку, атрымлівае не адны скарбы. Яго сіла ўсіх здолее, ён адмыкае ўсе замкі і запоры, разбурае перашкоды, здабывае ўсё пажаданае, усё ведае, разумее мову птушак і дрэў, знішчае нагаворы чараўніц. Цяжка кветку падгледзець, яшчэ цяжэй вырваць...

07.07. Іван Купала (Іван Купальны, Іван, Пятроўскі Іван, Іван Летні, Іван Вялікі, Іван Посны, Іван Злосны, Іван Ведзьмін, Ян) — працяг купальскага свята, якое доўжылася ўсю папярэднюю ноч.  “Учора была Купала, а сёння Іван...”,— спяваецца ў народнай песні.

10.07. Самсон (Сямён, Самсон Сенагной). Прысвятак звязваюць з дажджамі.  “На Самсона дождж — сем тыдняў то ж”. “На Самсона дождж: да бабінага лета мокра будзе”.

12.06. Пятро (Пятроў дзень, Пятро і Павел, Пятрок, Пятра) —  старадаўняе земляробчае свята, па сутнасці, завяршэнне Купалля. Селянін заўважаў:  “Святы Пятро ў жыце ядро”,  “Калі высыплецца ячмень, зязюля падавіцца зернем і больш не кукуе”. Вядома, што зязюля куе ад Магдалены да Пятра ці Купалы, калі і заканчваюцца гулянні моладзі. На Брэстчыне спяваюць:

Да Пятра зязюльцы кукаваці,

Да восені дзеваньцы пагуляці.

Пятро пройдзе — зязюлька ў вырай пойдзе,

Восень прыйдзе — дзеванька замуж выйдзе...

Дзяўчаты хадзілі ў лес “развіваць вянкі”, якія былі “завіты” імі на Сёмуху,  “кумаваліся” (выбіралі сяброўку на год). Палілі кастры, елі абрадавыя стравы, гушкаліся на арэлях, спявалі пятроўскія песні:

Пятрова ночка маленька,

Не выспалася паненка

На новым ганку седзячы,

Міламу кашульку шыючы...

Лічылася, што пасля Пятра лета ідзе на спад.  “Прыйшоў Пятрок, апаў лісток” . Заканчваўся Пятроў пост.

КУМАВАННЕ

Уласна кажучы, дзяўчаты кумяцца на Тройцу, а разам з хлопцамі — на Пятра. Кумаванне ўжо страціла свой абрадавы характар. Толькі ў некаторых глухіх паселішчах працягваюць яшчэ хадзіць у лес і там звіваюць вянком дзве суседнія галінкі бярозы або галінкі двух суседніх бяроз. Загадванне (варажба)  заключаецца ў тым, ці завянуць гэтыя завітыя галінкі ці застануцца свежымі, калі праз тыдзень прыйдуць іх развіваць. Рэчы загадвання самыя звычайныя: ці буду жывая? ці выйду замуж? Кумаванне наогул уяўляецца ў выглядзе вечарынкі, прычым жанчыны і дзяўчаты гуляюць там, дзе завіваліся вянкі, а сумесныя пагулянкі з хлопцамі праводзяцца ў адной хаце, дзе зімою адбываліся вячоркі з прадзеннем. У лесе распальваюць кастры, наладжваюць арэлі, танцы; гатуюць абавязкова яешню, бліны. Калі на такую жаночую гулянку з’явяцца мужчыны, жанчыны зрываюць у іх шапкі і кідаюць у агонь.

Кумаванне ў хаце праходзіць у такім парадку. Вечарам на Пятра дзяўчаты прыносяць гаспадыні сыр, масла, малако, яйкі, сала, муку на бліны. Гаспадыня з адной дзяўчынай гатуе, а астатнія спяваюць песні і танцуюць пад прыпеўкі. Хлопцы прыходзяць і танцы робяцца жывейшымі. Запрашаюцца і музыкі, і адбываецца, такім чынам, поўнае ігрышча. Танцы працягваюцца ўсю ноч, моладзь расходзіцца па хатах ужо раніцай на наступны дзень.

13.07. Паўпятро (Паўлюк, Павел) — дзень талакі. Пасля Пятровага дня не дазвалялася працаваць (“грэх”), можна было толькі дапамагаць іншым, але не за плату, а за частаванне. Нават наймалі музыкаў. Паўпятроўская талака адлюстравана ў песнях:  “А што ў полі шуміць, гудзе? Шуміць, гудзе. Там талака дамоў гудзе...”, “Святы Пётра талаку збіраў копы сена вазіць, стагі мятаць”.

14.07. Кузьма і Дзям’ян (Касьма і Даміан)  — свята кавалёў. “У дзень святога Касьмы і Даміана кузні не куюць і бабы не п’юць”. Песню “Кузьма” спявалі тым, хто вянчаецца першы раз (не выконвалі ўдовам і ўдаўцам):

Скуй нам свадзебку,

Свадзебку крэпкую,

Даўгавечную,

На векі неразлушную...

Кузьма і Дзям’ян вядомы і як апекуны земляробства. “Кузьма сярпы зубіў, ідэя згубіў”,  “На Кузьму і Дзям’яна касіць не рана”, “Святы Пятро жыта спеліць, святы Кузьма сярпы робіць, а святы Дзям’ян сена грабіць”.

17.07. Андрэй (Андрэй Наліва)  — адзін з апекуноў земляробства, пра яго пяецца:

Трэці празнік — святы Андрэй,

Святы Андрэй, за ўсіх мудрэй,

Саху ладзіць, каня гладзіць...

 Да Андрэя завяршаўся працэс выспявання жыта. Аб гэтым народная мудрасць сцвярджае:  “На Андрэя азімыя наліліся, а татка-авёс да палавіны дарос”, “Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма”, “Зерне ў каласку, не валяйся ў халадку”.

21.07. Пракоп. Велікамучанік Пракопій звязаны ў народзе з цёплымі ліпеньскімі днямі. “Пракоп бок прыпёк”.

25.07. Прокл  — прысвятак. У той дзень асцерагаліся вялікіх росаў, пасля якіх гніло сена.

Якуб.  Прысвятак усебакова характарызуюць прыказкі і прымаўкі:  “На Якуба грэе люба”,  “Які Якуб да паўдня, такая да снежня зіма”;  “На Якуба хлеба поўна губа”.

26.07. Гаўрылей — прысвятак. Баяліся, каб град не пабіў каноплі.

Ганна.   “Дождж на Якуба  — для жалудоў згуба, а як Ганна з дажджом  — дык гарэх з чарвяком”,  “Святая Ганна снапы кладзе”.

Серпавіца (Серпавіна, Шыпілінка) — пятніца перад Іллёй. Дзень “зазубрывання” сярпоў, час падрыхтоўкі да жніва ў некаторых мясцінах. “Шыпілінка ў кузню ідзець, у кузню ідзець сярпы зубіць”.