Малая родина

PRаздничный квартал

 

Люты 

Прыйдзе люты — спытае, як ты абуты.

У лютым востры мароз, кароткая зіма.

Люты наробіць плюты.

Ад лютага зіма збягае цёмнымі начамі.

Як у лютым адгукнецца, так у жніўні адзавецца.

Люты раніцай таргуе, а вечарам гаруе.

Віхры і мяцелі ў лютым наляцелі.

Завірухі і мяцелі ў лютым адгудзелі.

 

01.02. Ігнат. Беларусы-католікі некалі казалі: “На святога Ігната  зіма багата, а Ігнат Грамніцам рад”.

05.02. Агата. У гэты дзень свянцілі соль і хлеб. Паводле на родных вераванняў, хлеб мог бараніць ад пажару, перуна і раптоўных хвароб, таму і вядома: “Хлеб святой Агаты не пусціць бяды да хаты” , а таксама: “Соль святой Агаты бароніць ад агня хаты”.

06.02. Аксіння (Ксеня, Аксені). Называлі яшчэ Аксінняй Паўзіміцай, бо дзяліла зіму папалам. У Заходнім Палессі гавораць: “Белі  на Оксэні Мэтэ, то весь корм падмэтэ  — зыма шчэ будэ”.

09.02. Іван Залатавус. У народным календары гэты дзень замацаваны за Іванам Залатавусам, а не за Іаанам Залатавустам, як у царкоўным. Згодна легендзе, Касьян падпаліў Івану Хрысціцелю вусы. Бог пакараў Касьяна тым, што яго прысвятак адзначалі толькі адзін раз у чатыры гады — 29 лютага па старым стылі. А Івану Бог падараваў залатыя вусы. Івана Залатавуса святкуюць і ў іншыя дні года.

11.02. Ігнат. Праз некалькі дзён наступяць Грамніцы, а Ігнат іх сустракае, таму і кажуць у народзе: “Ігнат Грамніцам рад”.

12.02. Тры свяціцелі. У народзе яшчэ называюць Васілля да Рыгора. У царкоўным праваслаўным календары  — дзень Трох святых: Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Іаана Залатавуста. У гэты прысвятак не пралі.

14.02. Трыфан. Назіралі за прыродай, зоркамі.  “На Трыфана зорна  — вясна позняя”. Гэты ж дзень  —  і Грамнічны бацька, бо заўтра ўжо Грамніцы. Да іх рабілі свечкі з асенняга воску. Перад Грамніцамі рыхтавалі  “ахвярныя” грамнічныя свечкі са свайго воску.

15.02. Грамніцы (Грамнічнік, Стрэчанне, Устрэчанне)  — дзень сустрэчы зімы з летам, свята свечкі і “жывога агню”, што, паводле язычніцкіх вераванняў, абараняе чалавека ад злых духаў. У хрысціянскі перыяд васковыя свечкі пачалі асвячацца ў царкве. Яны захоўваліся ўвесь год. На Грамніцы беларусы выпальвалі  “крыжы” (дзве палачкі,  пакладзеныя адна на адну, пры дапамозе якіх раней здабывалі  “жывы агонь”) на будынках, каб зберагчы жытло ад нябесных стыхій (дажджу, маланкі); крыжападобна засмальвалі валасы на галовах дзяцей і на жывёле, каб адагнаць злых чарадзеяў, ведзьмакоў. Для гэтых мэт грамнічныя свечкі пакідалі ў хлявах. Іх запальвалі пры грымотах, калі выганялі кароў вясною, на засеўках, сустракаючы нованароджанага, у вясельных абрадах; клалі ў рукі нябожчыку. Па стану надвор’я ў той дзень вызначалі будучае. Казалі: калі на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, то на Юр’я наесца вол травіцы; як на Стрэчанне рана ўзыходзіць сонца, то будзе ранні лён; калі снег перамятае цераз дарогу, то чакаецца позняя вясна.

Са Стрэчання падумваюць ужо пра вясну. Кажуць: “Да Грамніц не скідай з рук рукавіц, а як прайшлі Грамніцы, то ўжо не патрэбны рукавіцы”. Іншы раз, праўда, даводзіцца пераконвацца ў справядлівасці і такой прымаўкі:  “Грамніцы  — зімы палавіць!”. Ва ўсякім выпадку ў некаторых мясцінах усе, хто хадзіў на заробкі, да Стрэчання спяшаліся вярнуцца назад, і гаспадары пачыналі рабіць, аглядаць, рамантаваць, прылады, патрэбныя для вясновых заняткаў.

18.02. Агата — прысвятак. Асвячалі хлеб з соллю, які затым натыкалі карове на рогі, каб не баялася ўрокаў. Хлеб той нібы дапамагаў таксама адводзіць пажар.

19.02. Бакулы. На Палессі лічылася, што Вакула ахоўваў ад ператварэння ў ваўкалакаў. Аб існаванні легенд пра гэтых пярэваратняў пісаў старажытнагрэчаскі гісторык Герадот. Магчыма, царква прыстасавала да язычніцкага свята ўшанаванне памяці Вуколы, епіскапа Смірнскага.

22.02. Пятро.  З прысвяткам звязана прыкмета: калі на Пятра цёпла — зіма працягнецца да Вялікадня.

23.02. Прохар. Заўважалі, што ў гэты дзень ласі скідаюць рогі, бліжэй становіцца да вясны.  “Прыйшоў Прохар ды Улас  — скора вясна ў нас”.

24.02. Аўлас (Улассе, Уласце, Улас). Лічыўся святам жывёлы, “каровіным і конскім”. У адрозненне ад Валосага, Крывога чацвярга, які бывае на Масленічным тыдні, Аўлас мае сталае месца ў календары. Магчыма, царкоўнікі, каб адцягнуць увагу ад язычніцкага культу Воласа-Велеса, увялі па сугуччы на гэты дзень адзначэнне святога Уласія Севасційскага. На Аўласа таксама наглядалі за надвор’ем. Верылі, што каля свята сем маразоў: тры напярэдадні, адзін на Уласа і тры пасля яго.

26.02. Фаціння. Лічылася заступніцай ад ліхаманак, трасцы.

Дзедаў (Памінальны, Усяедны) тыдзень (Памінальніца) — перадапошні тыдзень Мясаеда (трэці ад канца) перад Вялікім постам, прысвечаны памяці памёршых продкаў, “дзядоў”. Асабліва ўрачыста адзначалі ў пятніцу і суботу. Не працавалі, каб не шкодзіць “мёртвым душам”. У царкоўнікаў гэта быў тыдзень Мытара і Фарысея (за 10 тыдняў перад Вялікаднём).

29.02. Касьян. Згодна народнаму павер’ю, за тое, што Касьян падпаліў Іаану Хрысціцелю вусы, Бог пакараў віноўнага: яго свята адзначалася толькі адзін раз у чатыры гады. Аднак хоць 29 лютага бывае толькі у высакосны год, царкоўнікі ў іншыя гады пераносяць прысвятак прападобнага Касьяна Рымляніна на 28 лютага.