Малая родина

PRаздничный квартал

 

Снежань 

Снежань зіму пачынае, а год канчае. 

Мароз у снежні і снег вышэй хаты — будзе год тады багаты.

Снежань замосціць і загвоздзіць.

Снежань зямлю грудзіць, хаты студзіць.

Снежань сцюжны з зімою дружны.

Снежань вока снегам цешыць, ды марозам вуха рве.

У снежні адкрытае вуха — летам горача і суха.

Сухі снежань — сухая вясна, сухое лета.

 

01.12. Некалі наглядалі за надвор’ем і прыродай. Лічылася: калі ў гэты дзень лагодна — пагодлівая і ранняя будзе вясна.

02.12. Якое надвор’е 2 снежня  — такое чакаецца і ў сенакос.

04.12. Увядзенне (Вадзенне) — прысвятак. У народзе назву яго звязваюць са словам “вядзенне” (“водзяцца ваўкі”, “вадзілі Варвару”). Кажуць:  “Увядзенне, што свят навядзе”,  “На Увядзенне бывала лядзенне” , “Увядзенне прыйшло — зіму прывяло”.

Барбара (Варвара) . Частуюцца варанымі або печанымі варэнікамі з макам, мёдам ці каноплямі. Звязаныя з Варварай прыказкі напамінаюць аб дні зімовага сонцастаяння: “Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла”, аб надыходзе зімы:  “Барбара масціць, а Мікола гваздзіць”,  “На Барбару мароз — рыхтуй ужо воз”.

05.12. Савы. У кожнага прысвятка, згодна ўяўленню народа, свая функцыя:  “Барбара мосціць, Сава цвікі вострыць, а Мікола прыбівае”.

Пракоп. Сяляне талакой расстаўлялі вешкі ля дарог, каб не збіліся са шляху падарожнікі, ачышчалі сцежкі. “Прыйдзе Пракоп хмуры — раскапае гуры”.

 06.12. Матрыхваны (Матрыпан) — дзень вольны ад прадзення ў піліпаўскія вечары.  “Матрыпан у Піліпаўку празьнікуюць, штоб не прасьці”. Дзяўчаты варажылі пра замужжа. Старажылы  ўспамінаюць:  “Возьмуть да рошчэшуть косы грэб’ёнкою, да шчоб ныхто нэ чуў, ложыліса, пуд подушку грэб’ёнку ложать:  “Здайса ў сні, з кым я стану ў пары на вэсні”. То прыйдуть з гулянкы, тёмно, ўжэ ўсі сплять. Шчоб ныхто не говорыў до тэбэ і ты ны з кім нэ говоры, бо як загаворыш, то ўсё пропало”.

07.12. Кацярыны.  “Кацярына забрала край, лета стала карацейшае”. Жанчыны адзначалі свята свечкі. Дзяўчаты варажылі.

09.12. Юр’е Зімовы (Юр’еў дзень, Ягорый, Цуды). Зіма ў сіле. “Е на світы два Юр’і і ободва дурні: одын холодный, а другый голодный”, “Юры (Ягорый) мосціць, а Мікола гвоздзіць”, “Да Юр’я хлеба (сена) і ў дурня”. Юрый лічыўся апекуном хатняй і лясной жывёлы, ваўкоў. У гэты дзень ён нібы выпускаў ваўкоў аж да вясенняга Юр’я. Гаспадары аглядалі кароў, коней: падразалі хвасты, падстрыгалі грывы. Больш не выганялі на пашу кароў, бо  “Юрэй ужэ дае ваўком слабоду”. Вядома гістарычная прыказка:  “Вось табе, бабуля, і Юр’еў дзень”. Ад Юр’я сялянам не дазвалялася пераходзіць на службу ад аднаго пана да другога.

Ганны. Па прысвятку арыентаваліся аб канкрэтных тэрмінах наступлення святаў. “Ад Ганнаў да Каляд два тыдні і два дні”.

13.12. Андросы (Андрос, Андрэй, Андрэйкі)  — дзявочае свята. На Палессі кажуць: “Трэба было табе не андросіці (святкаваць), да кудзелю кудосіці”,  “Андрос, Андрос, мучкі кудось, бо мне трэба дзяцей адзяваць”. Дзяўчаты варажылі так, як і перад Новым годам: на бліны, крычалі ў калодзеж і абсявалі яго каноплямі, бегалі пад суседскія вокны пачуць, пра што гавораць у хаце, і інш.

Прыслухоўваліся, як паводзіць сябе вада ў калодзежах: калі ціхая — на добрую зіму, а шуміць — маразы, завірухі і буры разгуляюцца. У некаторых мясцінах дзяўчаты праводзілі абрад  “сеяння каноплі (лёну)”, які цяпер успрымаецца як забава моладзі. “Гэто на Ондрэя коноплі сіялы. Святый Ондрэй, коноплі посей. Сыпнуть у окно да слухають, шчо там у хаты скажуть. Як скажуть  “сядь”, то замуж нэ пуйдэ, будэ дома сэдіты”. Яшчэ абсыпалі свае ложкі льняным і канапляным семем са словамі:  “На цябе, святый Андрэю, лён сею! Дай, Божа, знаці, з кім буду гараваці!” І чакалі, хто прысніцца

14.12. Навум — прысвятак. Раней некаторыя сяляне пачыналі вучыць грамаце сваіх дзяцей. “Навум розуму вучыць”, “Прарок Навум наставіць на вум”. З гэтым лічыліся і вясковыя школы.

 17.12. Варвары (Варвара, Варкі, Міколіна матка)  — прысвятак. У старажытнасці, відаць, адзначалі дзень зімовага сонцастаяння, таму шмат дзе распаўсюджана прымаўка:  “Варвара ноч урвала, а дзень надтачыла”. Іншыя прыказкі ўказваюць на     прыналежнасць прысвятка да зімы:  “Прыйдзе Варвара, маразы і завараць”,  “Як ударыць Варвара, беражы нос ды вуха”. У гэты дзень пастухі збіралі  “варваршчыну”  — традыцыйную плату. Жанчыны не пралі, бо нібыта “Варвара верацёнамі замучана”. Прысвятак лічыўся Серадапосцем — сярэдзінай Каляднага посту. Усе частаваліся варанымі ці печанымі варэнікамі з макам, мёдам або каноплямі.

Варылі варэнікі з грэчневай мукі і падавалі з  канаплянай “маслянкаю”. На Палессі дзеці хадзілі па варэнікі да сваіх бабуль.

18.12. Савы (Сава, Саўка, Міколін бацька). Лічыцца бацькам Мікалая, патрабуе: “Святкуй мяне і бацьку майго!”. У народзе гаварылі па-рознаму: “Колісь на Варвары нічога не рабілі, а на Саву маталі клубкі на матужкі”, “На Савы не пралі, тоўклі просо, ячмень на куццю, жыто мололі на коляднікі, постолы плелі, волокі вілі”,  “На Савы не трэба прасьць. Не трэба круціць, каб добра было скату, бо скруціцца ягнёнак у калясо”. Таксама казалі: “Сава мосце, а Мікола гвоздзе”.

19.12. Мікола Зімовы (Міколы, Мікольшчына). Багата адлюстраваны ў прымаўках: “Варвара мосціць, а Мікола марозам гвоздзіць”, “Без Міколы не бывае ні зімы, ні лета”,  “Хвалі зіму па Міколе”,  “Да Міколы няма зімы ніколі”,  “Ніводнаму Міколе не вер ніколі”,  “Зімовы Мікола каня заганяе”. Хаця Міколам  “не верылі”, аднак прыкметы існавалі. У Магілёўскай губерні назіралі: калі іней з’явіцца раней Міколінага дня, то неабходна будзе сеяць ранні ячмень. Лічаць: як да Міколы не выпадзе снег, то доўга не зазелянее трава.

Некалі ў гэты дзень праводзілі Міколыпчыну  — свята свечкі. Гаспадар, які меў мікольскую свечку, частаваў  “братчыкаў”. Затым запаленую свечку ставілі ў лубок з жытам і пераносілі ў суседнюю хату, дзе ў наступным годзе меліся адзначаць Мікольшчыну.

21-22.12 Дзень астранамічнага зімовага сонцастаяння.

22.12. Ганны (Ганкі, Ганна) — прысвятак, падобны на Савы. Да Каляд застаецца роўна два тыдні. “Ганкы — пошчытаны дынькы”. На Піншчыне так заўважаюць:  “Варвара заварыть, а Мыкола падтвэрдыть, а Ганкы зоб’ють санкі і поідуть катацца по снэгові, по лэдові” . Найбольш распаўсюджана прымаўка:  “На Ганкы запрагай коня ў санкы”.

 31.12. Марк. Малапрыкметнаму Марку дапасавана прымаўка:  “Марка да Варка — няхай будзе парка”. У самы апошні дзень года наглядалі за прыродай, надвор’ем: якое надвор’е перад Новым годам  — такое будзе й перад Пятром; светлае неба на Багатую куццю — вясёлы год; калі перад Васілём (1 студзеня)  снег — чакаецца добры ўраджай. У апошнія дні года даўней заканчваўся тэрмін службы ў пана. Ён мусіў шукаць новых работнікаў. Гэта добра адлюстравана ў калядных песнях:

Тыждэнь, тыждэнь до Коляд,

Наш пан чэляді нэ рад,

Пойшла чэлядь скачучы,

А пан за ёю плачучы:

Вэрныса, чэлядь, вэрныса,

На другы годок наймыса.