Малая родина

PRаздничный квартал

 

Жнівень 

Кожная хата ў жніўні багата.

Прыдатны красавік цяплом, а жнівень дабром.

Жнівень сее, жне і косіць — на сталах багацця досыць.

У жніўні сярпы грэюць, ды вада халодзіць.

У жніўні панамі сярпы — маруды тады не цярпі.

Што поле ўродзіць, жнівень знаходзіць.

Хто ў жніўні гуляе, той узімку галадае.

У жніўні і верабей піва варыць.

01.08. Макрыны (Макрэня, Макрэні, Макрыдка) — прысвятак, з якім асацыіруецца макрэча, дажджлівае надвор’е, аб чым сведчаць і прыказкі: “Глядзі восень па Макрыне”, “Як не будзе на Макрэні дажджу, то не будзе бульба гнісці ў зямлі”, “Як на Макрэню дождж, то будзе ўсю Спасаўку дождж” 

02.08. Ілля (Аля, Галляш) — апякун земляробства і абаронца ад “нячыстай сілы”, які ўвабраў у сябе рысы язычніцкага бога Перуна. Свята дажджоў і навальніц. Успрымаецца як канец лета і пачатак восені. Ілля багаты на прыказкі:  “Прыйшоў Пэтрок — зорваў лысток, прыйшоў Ілля — зорваў два”; “Прыйшоў Ілля — укінуў у воду кавалак льда”;  “Ілля нарабіў гнілля”;  “На Іллю да абеду лета, а пасля абеду восень”; “Ілля ваюе з чартамі, іх б’е перунамі”; “Ілля жніво пачынае, а лета канчае”;  “Калі на Іллю паспелі чарніцы, паспела і жыта”;  “Ілля блізка: гніся, баба, нізка, уставай раненька, ды жні дапазненька”; “Ілля пытае, ці гатова ралля, а Успленне, ці гатова насенне”;  “На святога Галляша з новых круп каша”; “Да Іллі на сене пуд мёду, а на Іллі пуд гною”.

Заканчвалі касавіцу, хадзілі талакою касіць удовам:  “Іванове сено  — панове, а Петрове ўжэ не такове, а Іллінэ  — удовіна”. Праводзілі Зажынкі  — свята пачатку жніва.

Святы Ілля — стара жняя.

Гаспадынька ідзець у поле

З хлебам, соллю зажынаць,

Ды з маленькім сыночкам,

Ды з сярэбраным сярпочкам...

 

Часта ўпамінаецца Ілля ў песнях, якія спяваліся на Каляды:

Ілля па полю ходыў,

Пашэньку родыў.

Што ступлю стопою,

Стоять снопкы копою.

Як пэрэйду гоны,

Стоять стогы...

По бору ходыў

Да пчолкы родыў.

На одной хвоі

По пчолок двое.

Ой, на хвоінцы

Да по троінцы...

 

ЗАЖЫНКІ І ДАЖЫНКІ

З першых каласкоў рабілі маленькі снапок і ў бабкі яго не ставілі, а неслі дадому, ставілі ў кут. Там ён быў да таго часу, пакуль не пачыналі малаціць усё жыта. Тады бралі і яго.

Калі дажыналі, то рабілі “бараду” з апошніх каласкоў на ніве. У “барадзе” рвалі траўку і клалі яе крыж-накрыж. Цяжарныя жанчыны варажылі, хто народзіцца: хлопчык ці дзяўчынка. Калі ў траве знаходзілі павучка, то павінен нарадзіцца хлопчык, а калі чорненькую казюльку, то — дзяўчынка.

04.08. Мар’я (Магдалена). Жаночае імя хрысціянскай міраносіцы Марыі Магдаліны, якое дало назву прысвятку, асацыіруецца ў народзе з клопатамі жанчын аб ураджаі і прадказаннем надвор’я: “На Мар’ю росна — лён будзе шэры, неўмалотны”. У гэтую пару ўжо дні халодныя, асабліва на поўначы. Прыкмячалі: калі туман халодны, зіма чакаецца ранняя і марозная . З надвор’ем звязана і наступная прыказка: “Магдалена — вады па калена”.

06.08. Барыс (Глеб, Барыем, Барыс Палікоп)  — адзін з апекуноў земляробства.  “Святы Барыс снапы возіць”,  “На Глеба і Барыса хлеба напарыся і за раллю -бярыся”, “Барыс і Глеб — паспеў хлеб” .  Прызнаваўся  “грозным святам хлябоў”, называўся  “Хлеб Барыс”. У полі не працавалі, засцерагаліся вятроў, заканчвалі купацца. Лічылі, што ад Барыса на працягу трох тыдняў павінна адбыцца  “рабінавая ноч”, якая нібы спрыяла паспяванню рабіны і ў якую без перапынку лье дождж і шугае навальніца.

07.08. Ганны (Ганна) — прысвятак. У каляндарных песнях паказваецца як дбайная жняя. Прыказкі таксама малююць Ганну гаспадыняй-жняёй:  “Святая Ганна снапы кладзе”.

09.08. Палікоп (Палікапа, Палікапы) — дзень жніва, у які нібы маланка паліць копы, стагі, хаты. У некаторых раёнах Палікопам называюць дні ад Барыса да гэтага дня. Некалі стараліся ў полі не працаваць. У Пінскім раёне гавораць:  “На Палікопу як робыш, выйдэ хмара і ўдарыть гром, і спалыть копу хліба”.

Панцеляймон (Панцялей). Лічыўся лекарам ад хвароб галавы. У народзе казалі:  “З Панцялея капуста пачынае ў качан завівацца. Хто на Панцялея працуе, таму надалей не пашанцуе”.

10.08. Лаўрын.  Прысвятак напамінаў селяніну, што ўжо можна малоць першае жыта на муку. “На Лаўрына спяшай да млына”.

12.08. Сіла (Іван). У праваслаўным календары гэты дзень прысвечаны апосталам ад 70-ці: Сіле, Сілуану, Крыскенту, Епенету, Андроніку, а таксама пакутніку Іаану Воіну і іншым, Народны каляндар сярод іх выдзеліў дваіх. “Хто на Сілу жыта пасее, у таго на хлеб надзея”. Да гэтага часу ўжо вызвалялася нямала палёў і неабходна было распачынаць новую сяўбу. За Іванам у народзе чамусьці замацавалася функцыя абароны ад зладзеяў.

13.08. Спасаўскія запускі — пярэдадзень Спасаўскага посту.

14.08. Макавей (Макава, Макаўе, Першы Спас, Спас Мядовік, Медзяны Спас) — свята маку. Праводзілі абрады з макам, ужывалі ў ежу, рабілі варэнікі з мёдам, а таксама елі тое, у што можна было макаць. Асвячалі ваду, зёлкі, садовыя кветкі, моркву, сланечнік. Елі пірагі з макам і моркваю. Ведалі: на Макавея трэба ўволю наесціся маку.

Пчалаводы правяралі пчол, “мэкалі ў мёд нажы”. Для збору мёду ўсе апраналіся па-святочнаму. Існавалі прыкметы: “Як на Юр’я дождж — будзе рыбы многа, а на Макава — будзе многа грыбоў”; “Калі на Макаўе не бывае дажджу, то будзе шмат пажараў”. Свята ўсебакова адлюстравана ў народнай творчасці. У валачобных песнях зазначаецца: калі  Ілля  “жыта зажынаіць залатым сярпом”, то  “Святы Макавей з поля сабіраіць”,  “Святы Макавей бульбы накапаў ...рабят накарміў”. Прыказкі сцвярджаюць:  “Першы Спас  — провады лета”,  “Ад Першага Спаса халодныя росы”.

Спасаўка (Спасаўка Ласаўка, Спажын пост)  — пятнаццацідзённы асенні пост (да 28 жніўня). У першы панядзелак Спасаўкі пяклі пячэнне (“дужыкі”) па колькасці душ у сям’і, мэкалі яго ў мёд, затым у попел. Каб пазбегнуць сустрэчы са змеямі, трэба было сказаць:  “Лучшэй буду дужыкі ў попел мочаць, чым на собе шохлю дзержаць”.

15.08. Базыль. За хрысціянскім Васілём Спаса-Кубенскім замацавана прыказка: “Базыль авечкам воўну дае”.

16.08. Антоны Віхравеі. У народным уяўленні розныя цуды асацыіруюцца з выключнымі з’явамі прыроды. Таму і дзень Антонія Рымляніна, Наўгародскага цудатворца, атрымаў у людзей назву Антоны Віхравеі. Ён пазначаны маланкамі, вятрамі і дажджамі.

Рох — “маленькі святок”, “кірмаш на паненак”. Панічы і паненкі ездзілі на кірмаш, дзе з бацькамі рабілі змовіны, дамаўляліся пра пасаг.  “Калі паненка гожая, та й пасагу не шмат трэе, калі ж яна няўдалая да яшчэ рабая, та пасагу трэба накінуць якую-небудзь кацярынку10 на рабацінне”.

19.08. Яблычны Спас (Спас, Другі Спас, Вялікі Спас, Сярэдні Спас, Іспас), свята садавіны. Царква прыстасавала да гэтага дня асвячэнне садавіны, пасля чаго дазвалялася ўжо есці яблыкі, грушы, слівы. Таму і гаварылі: “Добра яблычка к Іспасу”. Асвячалі таксама мёд, каласкі новага ўраджаю. Усё можна было ўжываць у ежу, аб чым і сцвярджала прыказка: “Спас — усяму час”.

Пачыналі сеяць азіміну. Да ўсходу сонца праводзілі абрад выгнання клапоў.  “Прыйшоў Спас, штоб ні было клапоў у вас!”.

Надвор’е становіцца халаднейшае і наогул лічыцца, што ўжо скончылася лета.  “Прыйшоў Спас — і лета ад нас”;  “Першы і Другі Спас — бяры рукавіцы ў запас”.

23.08. Лаўрэн. Як вядома з папярэдняга адпаведнага прысвятка (гл. 10 жніўня), Ларын, ці Лаўрэн, з’яўляецца днём млынара. Паколькі работа млыноў у мінулым залежала ад ветру і вады, то таму і народныя прыкметы былі скіраваны да гэтых з’яў: калі хвалявалася вада, то восень абяцала быць ціхмянай, лагоднай, а зіма — мяккай, адліжнай.

24.08. Баўтрамей.  Прыказкі, звязаныя з прысвяткам, добра характарызуюць надыход восені: “Святы Баўтрамей душыць аваднёў і труціць мухі”;  “Святы Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей”; “Прыйшоў Баўтрамей — жыта на зіму сей”.

Спасаўскія Дзяды  — пятніца-субота перад Успленнем, абрадавая памінальная вячэра.

 28.08. Прачыстая (Успленне, Багародзіца, Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Аспажа, Гаспажа, Спажа, Вялікая Спажа, Зялёная, Зельная) — свята ўраджаю. Асвячалі  “бараду”  — апошні снапок, зернем якога пасля Прачыстай пачыналі засеўкі, а таксама зёлкі і гародніну. Наладжвалі свята свечкі: пераносілі яе з адной хаты ў другую, гасцявалі. На Палессі ўпраўляліся з просам і ў гэты дзень варылі з яго кашу.

Наглядалі за бусламі, што на зжатых палетках збіраліся ў вырай. Амаль паўсюдна вядомы прыказкі:  “Прыйшла Прачыстая  — стала поле чыстае”;  “Прачыста  — сяўба чыста, а касьба не чыста”.

Менш распаўсюджаны наступныя: “Гаспажа — хлеба дзяжа”; “Прыйшла Прачыстая — перапечка чыстая”. Лічылася, што ад Прачыстай пачынаецца “маладое бабскае лета” (да Галавасека, 11 верасня).

 

29.08. Трэці Спас (Малы Спас, Хлебны Спас) — адно са свят хлеба. Шмат дзе спраўлялі Дажынкі — свята канца жніва. Упрыгожвалі стужкамі і кветкамі “бараду”. Ахвяравалі хлеб і соль духу нівы, відаць, Воласу, казлападобнай істоце.  “Воласаву бародку” жнеі неслі гаспадару і ставілі ў кут. Зерне і каласкі ўжывалі на працягу года ў розных магічных абрадах. На Палессі, напрыклад, “вылівалі Волас” — пры дапамозе каласкоў, вады і замовы:  “Волас, Волас, выйдзі на чысты колас...” перасцерагалі ад зубнога болю. Канец жніва і змена надвор’я адлюстраваны ў прыказках: “Трэці Спас хлеба прыпас”;  “Па Трэцім Спасе трымай рукавіцы ў запасе” і інш.

31.08. Флор і Лаўр (Храл і Ягор’е) —  “конскае свята”, свята пастухоў. Даглядалі жывёлу. У некаторых раёнах пяклі аладкі, якія называлі  “капытамі”.  “На Храла і Ягор’я ня ткуць і ня пашуць”,— гаварылі беларусы.

Арабінавыя дзень і ноч (Варавіты дзень) — пара, калі бывае “сухая” навальніца або буран цэлую ноч (дзень). У гэты час нічога не рабілі і чакалі з трывогай грому, маланкі і дажджу, засцерагаліся ад няшчасця. Як ужо згадвалася, “рабінаву ноч” яшчэ звязвалі са Спасаўкай або з нейкім днём ад Барыса да Прачыстай, ці ад Першай да Другой Прачыстай.