Малая родина

PRаздничный квартал

 

Красавік 

Красавік сініць і дзьме, бабам цяпло нясе, а мужык пазірае ды галавою ківае.

У красавіку грымот — цёплы будзе год.

Красавік сушыць, нічога з зямлі не рушыць.

У красавіку зямля грэе.

У красавіку дождж праходзіць, сонца грэе — тады ўсякі не збяднее.

 

01.04. Дар’я Вясенняя — свята вясны ў некаторых раёнах. На апошні сняжок і ранішні мароз сяляне выносілі адбельваць палотны.

Кратчаты (Храстовы, Кросны) тыдзень  —  пачатак чацвёртага тыдня Вялікага посту. Пяклі  “храсты” (вырабы з цеста ў выглядзе бараны, іншых сельскагаспадарчых прылад), якія бралі на засеўкі.

Благавесны тыдзень. Хавалі  з вачэй кросны і “благавеснавалі” (святкавалі).

04.04. Васіль Сонечнік.  “Васіль Сонечнік ледзяшы са стрэх здымае”.

05.04. Арына (Ірына).  “На Арыну (Ірыну) сей капусту ў расадніках (на расаду)”.

Кросная серада (Серадапосце) — серада на чацвёртым тыдні Вялікага посту. Таксама пяклі “храсты”.

06.04. Благавеснік — дзень перад Благавешчаннем. У народзе кажуць “Не так бойся Благовешчэння, як батька ёго. Благавіснык — гэто батько Благовешчэння”. 

07.04. Благавешчанне. Лічылася вялікім святам, святам прылёту бусла. У Пінскім раёне, напрыклад, калі ўпершыню бачылі белую птушку, то клікалі: “Бусько, бусько, на Тобі галёпу, а ты мні дай жыта сторону, на Тобі сырпа,  дай мні жыта снопа”. Галёпы — пшанічныя пірагі ў выглядзе бусла. Шчасціла нібыта таму, хто ўбачыць першага бусла, які ляціць. А ў таго, каму трапіць на вока стаячы, нібы будуць балець ногі. Дзеці сустракалі птушку радаснай песняй:

Бусел, бусел-клекатун,

Узяў бабу за каўтун...

У гэты дзень забаранялася гарадзіць плот, убіваць у зямлю колле, не пачыналі сеў, не выганялі першы раз кароў, не вывозілі гной у поле.

Пра свята ходзіць шмат прымавак:  “Да Благавешчання зіму не лай і сані трымай”;  “З благавешчанскага цяляці каровы не ждаці”; “На Благавешчанне дзеўка косу не пляце, птушка гнязда не ўе”.

ГУКАННЕ ВЯСНЫ

Дзяўчаты выходзяць да гумнаў, залазяць на стрэхі і, седзячы на іх, спяваюць цыкл вяснянак, у якіх кожны слупок заканчваецца выклічнікам  “Гу!” Калі ідуць на вуліцу, з тымі ж песнямі водзяць “танкі”. У Ельні Чэрыкаўскага павета сыходзяцца ля лазні, збіраюць мялля, г. зн. кастрыцу ад ільну і пянькі, разводзяць агонь. Каля кастра і спяваюць вяснянкі. У некаторых месцах з вёсак накіроўваюцца на бліжэйшы пагорак, там і “гукаюць вясну”. Нарэшце, дзе гэты звычай забываецца, дзяўчаты спяваюць вяснянкі проста ў сябе на прызбах. У апошні час у  “гуканні вясны” большы ўдзел прымаюць і дзяўчынкі гадоў 12—14. 

15.04. Палікарп. Дзень Палікарпа асацыіруецца з голадам, бо раней да гэтага часу адсяваліся, і часцей апошнім зернем.  “На Палікарпа пачатак бясхлебіцы”.

16.04. Мікіта. На Піншчыне гавораць:  “На Мыкыту нэма ны зімы, ны літа”. Пачатак Пахвальнага тыдня — тыдня перад Вербніцай. Назва паходзіць ад дзеяслова  “хваліцца”.  “Дзіка качка яйцэм похваліцца”; “На Похвальный тыждэнь хаты нэ почынають робыты. Кажуть, урэдный він”;  “Похвальная похвалтьь, то Вэрбная поправыть”. Пахвальная пятніца  — дзень на Пахвальным тыдні. На Піншчыне мылі ўсе дзежкі.

23.04. Юры.  “Як настане Юр’ева раса  — не патрэбна коням аўса”.

Вербніца (Вербіца, Вербіч, Вярба, Вербная нядзеля)  — нядзеля перад Вялікаднём. Пачатак Вербнага (Страстнага) тыдня. У царкве асвячалі галінкі маладой вярбы, адзін аднаго сцябалі імі, прыгаворваючы: “Вэрба б’е, нэ я б’ю, за тыждэнь — Вэлыкдэнь. Будь здоровый, як вода, будь богатый, як зэмля!” Галінкі тыя захоўвалі. Прашаптаўшы замову, вярбою гналі першы раз кароў на пашу. “Верба свята — нова лята, верба пасвіці ў поле гнала”.

24.04. Анціп — ахоўнік зубоў. Святкаваўся толькі тымі, у каго часта баляць зубы, і знахарамі, якія шэпчуць ад зубнога болю.  

Пачатак Белага (Вербнага) тыдня. Чысты панядзелак. Бялілі і мылі хаты. Існавала такая прыкмета: як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр’я (6 мая) на  “голы” лес, то не чакай ураджаю і будзе хварэць жывёла.

25.04. Марк.  “Дождж на Марка, дык зямля, як скварка”. У Пінскім раёне, дзе многія ведаюць польскую мову, згадваючы Вялікдзень, кажуць:  “Ек бэндзе Вельканец на свянтэго Марка, то на земі не бэндзе ні еднэго недовярка” (не зусім веруючага).

26.04. Чысты (Жыльны, Вялікі) чацвер (Жыльнік)  — чацвер на Вербным тыдні. Хадзілі мыцца ў лазню, на  “бягучую ваду”, на расу, каб не было на целе хвароб, клапоў у хаце:  “Чысты чацвер вулкі чысце, дваркі мяце, слядкі кладзе... к святому Вялічку”. У хаце ўжо ўсё было памыта, бо, як лічылі, у гэты дзень нельга мыць —  “зальеш Хрысту вочы”. Варылі вячэру (нават з дванаццаці страў), альбо зусім не елі —  “жыльнікавалі” да Вялікадня.

Аралі і сеялі. “Чысты чацвер ячмень засяваець”. Прыкмячалі: як на Чысты чацвер добрае надвор’е, то і на Ушэсце будзе такое ж.

Каля хаты рабілі  “аганец” (касцёр) са смецця, падмеценага ў хаце і вакол яе. Дзежку ля  “аганьца” мылі. Затым аблівалі выкарыстанай вадою хату. Пралі леваю рукою “чацвярговыя ніткі”. Потым сатканым з іх палатном перавязвалі раны. Наглядалі за надвор’ем: дождж у той дзень абяцаў малако ў кароў.

ЧЫСТЫ ЧАЦВЕР

...Напярэдадні яго выстаўляюць на двор кавалак хлеба і каліва солі, і калі хлеб на працягу ночы не замерзне, то яравыя не пашкодзяцца ад маразоў. Для здароўя карысна той хлеб з’есці пасля лазні, у якой мыюцца да ў :ходу сонца, гаворачы, што і воран перад гэтым днём “купае сваіх дзяцей”. Некаторыя, збіраючыся ў лазню, бяруць з сабою маленькі каменьчык і становяцца на яго праваю нагою ў час аблівання. Камень іншы раз зберагаюць да будучага года. Залазячы на палок, прыгаворваюць:  “Хрышчоны на палок, нехрышчоны з палка”. Выходзячы з лазні, пакідаюць на палку вядро вады і венік для “хазяіна” і, перахрысціўшыся, шэпчуць:  “Табе баня — на стаянне, а нам  — на здароўе”. Словам  “хазяін” велічаюць дамавога, словам “нехрышчоны” просяць нячыстага пакінуць палок. Тых жа абрадаў прытрымліваюцца ў лазнях таксама і ў іншыя дні.

У Чысты чацвер нікому нічога не дадуць, асабліва агню, падазраючы, што просячы прыйшоў з прыхамаццю, г. зн. са злымі намерамі.

Калі ў Чысты чацвер бывае вецер, то будзе ён да самага Узнясення; калі добрае надвор’е, то да згаданага дня чакаюць такое ж.

Свечка, з якой стаяць у той дзень у царкве, называецца “стрэстнаю” і захоўваецца для розных выпадкаў. Яе запальваюць у час моцнай навальніцы, пры хваробах абкурваюць людзей і жывёлу, а таксама пчол, перасцерагаючы іх ад нападзення іншых пчол. Кажуць, нібы ў Чысты чацвер сходзіць на зямлю Ісус Хрыстос і па гэтым вераванні пякуць асобны хлеб, які называюць  “стульце”.

28.04. Чырвоная (Вялікая, Велікодная) пятніца — дзень на Вербным тыдні. Рыхтаваліся да вялікага свята. Пасцілі шчырым постам, толькі сыту з мёду пілі.

29.04. Арына. Прысвятак, які атрымаў жаночае імя, арыентаваў сялян у тэрмінах пасадкі на агародзе. “На Арыну сей капусту на расаду”.

Красная (Велікодная, Вялікая) субота (Таўкушчы дзень) — апошні дзень перад Вялікаднём. Пяклі пірагі, фарбавалі яйкі цыбульнікам ці васковымі жамерынамі (васкадавам). На Мазыршчыне фарбавалі ў чырвоны колер, але калі хто-небудзь з родных паміраў у годзе, дык — у чорны ці які іншы. Хадзілі на могілкі прыбіраць. Палілі кастры. Усю ноч у хатах гарэла святло.

30.04. Зосім. Згодна народным паданням, гэта ахоўнік пчол. Ён упамі-

наецца ў многіх пчаліных замовах.

Андрыянава ноч (Андрэй). Вядома ў некаторых раёнах Палесся як ноч дзявочых гаданняў і варажбы пра замужжа. Гадалі на канапляным семені, якое пабывала ў царкве. Прасілі ў Андрыяна, або Андрэя, каб прысніўся той, з кім дзяўчына будзе “у пары на вясне” .  “Святы Андрэю, канапелькі сею”.

Вялікдзень (Вялігдзень, Вялікадзень, Вялічка, Пасха)  — вялікае гадавое вясновае свята, карані якога вядуць у глыбокую старажытнасць. Як ужо згадвалася, ім некалі адкрываўся новы каляндарны год. Пазней царква замацавала яго ў сваім  “рухомым”  пасхальным календары. Свята пачыналася  “ўсяночнай”. З  Краснай суботы на нядзелю многія не спалі, на вуліцах гарэлі кастры, чулася стральба, у царкве свяцілі пафарбаваныя яйкі, пірагі, мак, хрэн, мяса і інш. Раніцай хадзілі глядзець “гульню” сонца, пафарбаванымі яйкамі гулялі “ў біткі”, качалі іх, гушкаліся на арэлях, вадзілі карагоды.

Мала хто не чуў, што на Вялікдзень сонейка “гуляе” ... Па перакананні сялян, калі сонейка з'яўляецца на чыстым небе і трымціць, то гэта добры знак – да ўдалага года, ўраджаю, дастатку, здароўя і шчасця, радасных і шматлікіх вяселляў; калі ж сонейка не паказваецца (хаваецца ў хмарах) або не “гуляе” - год будзе дрэнны, неўрадлівы, няшчасны. Бабулькі пры з'яўленні сонца мыліся з золата, срэбра і чырвонага яйка у надзеі разбагацець і памаладзець, а старыя ў гэты час расчосвалі свае валасы з прысудам: “Колькі ў галаве валасінак, столькі б было і ўнукаў”.

Таксама на Вялікдзень ставілі вялікія арэлі ... Калісьці пампаванне на арэлях мела рытуальны сэнс – лічылася, што яно (як і ўсякае дзеянне, якая выяўляе “ўздым”) стымулюе ўрадлівыя сілы, дабратворна ўплывае і на ўраджай, і на з'яўленне патомства ў людзей і жывёл. Менавіта таму на арэлях часцей за ўсё пампаваліся з Вялікадня да Сёмухі, г.зн. падчас росту збажыны і фарміравання новых шлюбных пар. Ўяўленне пра тое, што арэлі дапамагаюць хутчэй уступіць у шлюб, захавалася, у прыватнасці, у песнях і прыпеўках, якія іх спявалі падчас качаняў.

У валачобных песнях, якія выконваліся на Вялікдзень, гаварылася:

Старым і малым яечкі качаць,

Яечкі качаць, святцаў праважаць.

А гэта святца адзін разочак у гадочак…

Лічылася, што на Вялікдзень пачынае кукаваць зязюля.

 

 

БІЦЦЁ І КАЧАННЕ ЯЕК

Сустракаючыся, адзін пытаецца ў другога:  “Будзем біць яйкі?” “Будзем,— адказвае той,— дай найперш пакаштаваць” (г. зн. паспрабаваць). Яны мяняюцца яйкамі і спрабуюць іх асцярожна на зубы.  “Нешта, брат, тваё дужа крэпкае ці ж фальшывае”.—  “А тваё яйка крапчэй, давай мяняць”.— “Не, не хачу, будзеш бітца по сабе” (г. зн. не мяняючыся).—  “Ну, будзем, дзяржы”.—  “Не, ты дзяржы”. Пачынаюць спрачацца, каму трымаць яйка і каму біць. Нарэшце, адзін згаджаецца, а другі б’е. Чыё яйка разбілася, той прайграў і павінен аддаць яго таму, хто пабіў.

Мяшчане вялікія аматары да гэтай забавы, і, бывае, хто-небудзь у дзень прайграе ці выйграе сто яек і больш. Каб мець поспех у той справе, многія перад святам набываюць і фарбуюць яйкі цясарскіх кур, вельмі моцныя, і плацяць па 50 к. за адно і даражэй. Некаторыя па-майстэрску ўмеюць рыхтаваць так званыя  “наліванкі”, г. зн. для моцы шкарлупы ўліваюць у яйка воск, волава і інш. Аднак калі адкрываецца такая падробка, то ў ілгуна не толькі забіраюць усе пабітыя ім яйкі, але нават зрываюць шапку з галавы, топчуць яе нагамі і пагражаюць, што “дадуць яшчэ і па патыліцы” (па шыі).

Выйграныя яйкі, разбітыя з двух бакоў, называюцца “шупікамі”, імі зноў гуляюць, іх качаюць. Цэлыя яйкі шкадуюць качаць, таму што яны псуюцца і бываюць непрыгоднымі для біцця. А  “шупікі” ўжо больш ні для чаго не спатрэбяцца, як толькі для качання і ежы. Для качання яек ставіцца на роўным месцы пад схіл лубок або невялікая дошчачка і кожны па чарзе пускае па ёй сваё яйка. Якога ён дакрануўся сваім, тое выйграў.

 

“ЯЙКА ПАД ШАПКАЙ”

Гуляюць так. Адзін бярэ яйка і кладзе яго пад шапку ўдоўж або ўпоперак  — гэту тайну трэба адгадаць. Другі паверх шапкі кладзе палачку, стараючыся размясціць яе ў такім кірунку, у якім, на яго думку, пад шапкаю ляжыць яйка. Калі палачка будзе размешчана правільна, загадка, значыць, адгадана, і той, хто ад  гадаў, атрымлівае яйка. У адваротным выпадку ён аддае сваё.

Працяг Велікоднага тыдня. Нядзеля, панядзелак, аўторак называліся Вялікімі. Не працавалі, не гулялі. У большасці раёнаў Беларусі хадзілі валачобнікі. Спявалі песні гаспадару і гаспадыні, дзяўчыне, хлопцу, бабцы і інш.